Віталь Рымашэўскі: Наўрад ці вельмі сур’ёзна трэба ўспрымаць заявы Лукашэнкі



Аляксандр Лукашэнка са сваім першым афіцыйным візітам знаходзіцца ў Грузіі. На перамовах у Тбілісі з прэзідэнтам Грузіі Георгіем Маргвелашвілі кіраўнік Беларусі заявіў, што паміж дзвюма краінамі няма ніякіх супярэчнасцяў у палітычным плане. Пры гэтым ён назваў самаабвешчаныя Абхазію і Паўднёвую Асецію часткай Грузіі. На думку сустаршыні арганізацыйнага камітэту па стварэнні БХД Віталя Рымашэўскага, гэта проста чарговая пустая заява.

Заява Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ён падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць Грузіі, у тым ліку з Абхазіяй і Асеціяй, не азначае, што заўтра ён на сустрэчы ў Расеі не скажа, што ён падтрымлівае захоп Абхазіі і Асеціі. Паглядзім, якія за гэтым будуць дзеянні, таму што, сёння можа быць сказана адно, заўтра – супрацьлеглае. Таму я лічу, што нельга надаваць гэтаму занадта лішняй увагі і ўспрымаць гэта больш чым заяву. Зразумела, што яна будзе выкарыстана беларускім МЗСам, беларускімі ўладамі дзеля міжнародных стасункаў, дзеля прасоўвання сваіх інтарэсаў на Захаде. Ну і дзеля гэтага такія заявы робяцца.

 Афіцыйна Беларусь дагэтуль не прызнала суверэнітэту Абхазіі і Паўднёвай Асетыі пасля ваеннага канфлікту паміж Расеяй і Грузіяй у жніўні 2008 году.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя