Віталь Рымашэўскі не выключае правакацый на Дзень Волі



«Ізалюючы як нацыянальных так і рэгіянальных лідараў апазіцыі, улады намагаюцца іх дыскрэдытаваць. І робіцца гэта свядома, па такім жа самым сцэнары, як рабілася спецслужбамі КДБ і МУС у 2010 годзе», – сказаў у нашым эфіры сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Улады пачалі пераследаваць актыўных удзельнікаў акцый пратэсту супраць дэкрэта «аб дармаедстве». На многіх актывістаў у рэгіёнах складзеныя адміністрацыйныя пратаколы. Сустаршыня партыі БХД Віталь Рымашэўскі атрымаў выклік на 10 сакавіка ў аддзел прымусовага выканання Менскага раёна, акрамя таго да яго наведаліся судовыя выканаўцы. Аднак гэты візіт быў «таемным», і палітык пра яго дазнаўся пазней:

— Я жыву ў Заслаўі ў блакіраваным двухкватэрным жылым доме, і там адгароджаны ўчастак, якія адпаведна належыць і нам і суседзям, і на які няма доступу пабочным людзям. Таму, па-сутнасці, было ўварванне. Дзіўна, што яны нават у дзверы не пазванілі, хадзілі фатаграфавалі і апытвалі суседзяў. Прадстаўляліся яны нібыта судовымі выканаўцамі, але ў мяне няма ніякіх неспагнаных, нясплачаных штрафаў. Усе штрафы за мінулы год я сплаціў. Таму, такія вось візіты я звязваю са спробай ціску на мяне, на маю сям’ю ў прыватнасці, бо на гэтым участку часта і дачка мая гуляе.

РР: А выклік на 10 сакавіка таксама можа быць звязаны з гэтым візітам?

— У мяне ляжыць позва з прозвішчам судовага выканаўцы пра тое, што я павінен з’явіцца ў абед да судовага выканаўцы Менскага раёна ў якасці адказчыка. Безумоўна гэтыя выклікі на 10-е, а ў гэты дзень увечары я збіраўся ехаць у Маладэчна, таксама звязаныя з тым, каб перашкодзіць мне трапіць на акцыю пратэсту, якая будзе ладзіцца ў Маладэчне ўвечары.

РР: А чаму, як вы думаеце, гэтыя першыя акцыі супраць дэкрэта «аб дармаедстве» праходзілі без відавочнай рэакцыі ўладаў: і мясцовых, і менскіх, і рэспубліканскіх? А вось за наступныя акцыі пайшло ўжо і складанне адміністрацыйных пратаколаў і нават затрыманні.

— Гэта адбылося таму, што ўладам не ўдалося знізіць градус пратэсту. Яны спрабавалі гэта зрабіць дэсантам намеснікаў Лукашэнкі, прадстаўнікоў Адміністрацыі прэзідэнта, прыёмамі ў мясцовых выканкамах. Гэта не атрымалася, бо яны настолькі адарваныя ад народа, што не разумеюць, што людзі сёння выходзяць не толькі супраць Дэкрэта. Дэкрэт — толькі нагода. Людзі выходзяць супраць палітыкі, якая збанкруціла іх сем’і, збанкруціла краіну, супраць дзяржаўнай палітыкі. Людзі выходзяць з патрабаваннямі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, адстаўкі Урада, супраць галечы, супраць бядноты. Таму, гэтыя сацыяльныя пратэсты ўлада сёння папросту спыніць няздольная. Дзеля таго каб выправіць сітуацыю неабходныя тэрміновыя рэформы, неабходныя перамовы з дэмакратычнымі сіламі, бо відавочна, што ўлады сёння няздольныя рэфармаваць нашу краіну. І, каб спыніць пратэстныя акцыі, яны, як звычайна, уключаюць рэпрэсіўны апарат, які, як яны думаюць, з аднаго боку сцішыць гэтыя акцыі пратэсту. Ізалюючы як нацыянальных так і рэгіянальных лідараў апазіцыі, яны ставяць сваёй мэтай таксама дыскрэдытаваць. Бо людзі безумоўна прыходзяць са сваімі бедамі і сваім болем, а ў натоўпе бываюць розныя людзі, і канешне звычайна справакаваць натоўп людзей на агрэсіўныя дзеянні супраць улады вельмі лёгка, калі імі ніхто не кіруе, калі там няма рэгіянальных лідараў апазіцыі. Я думаю, што гэта робіцца свядома і робіцца па такім жа самым сцэнары, як рабілася спецслужбамі КДБ і МУС у 2010 годзе, калі яны дапусцілі тое біццё шкла і напалохалі Лукашэнку. Хоць, у прынцыпе, калі б там быў звычайны ўзвод міліцыі, ніякага інцыдэнту ў 2010 годзе не было. З мэтай дыскрэдытаваць пратэсты, паказаць, што Шуневіч, Вакульчык і іх падначаленыя, якія спажываюць вялікую частку беларускага бюджэту, што яны карысныя для Аляксандра Лукашэнкі персанальна, для гэтага дзеючага рэжыму. Вось тое, што адбываецца сёння. На жаль, іхнія дзеянні не прынясуць чаканага выніку, а толькі паскорыць сацыяльны выбух.

Можна сёння ізаляваць лідараў апазіцыі, можна часова згасіць гэты пратэст, але гэта толькі паскорыць сацыяльны выбух і прывядзе ў самы нечаканы момант да сацыяльнага выбуху ў нашай краіне. Хто гэтым скарыстаецца? Ну, зразумела, што хутчэй за ўсё ўсходні сусед. Гэта прывядзе да такіх вось катастрафічных наступстваў.

РР: Вы прыгадалі 2010 год. Напярэдадні ў медыя быў распаўсюджаны відэазварот Зянона Пазьняка, у якім ён акурат папярэджвае пра магчымасць вялікіх правакацый на Дзень Волі, на 25 сакавіка і гаворыць акурат пра тое, што гэты пратэстны настрой людзей яшчэ неарганізаваны, і што акурат улады могуць гэта выкарыстаць. Вы таксама падтрымліваеце такую пазіцыю?

— Я паважаю меркаванне Зянона Станіслававіча. Я хачу сказаць, што мы не павіны паўтарыць памылкі 2010 года, бо адзіныя, хто імі скарыстаўся, гэта сілавыя ведамствы, якія закруцілі гайкі і на 5 гадоў запаволілі ў развіцці нашу краіну. Таму сёння мы прыкладаем намаганні, каб 25 сакавіка быў па-першае супольнай акцыяй пратэсту, а па-другое, каб у адрозненне ад 2010 года быў адразу агучаны супольны план дзеянняў. Тады правакацыі можна прадухіліць. Вось якраз у бліжэйшыя 2 дні мы плануем супольныя сустрэчы, і з тымі арганізацыямі і лідарамі, якія ўваходзяць у БНК, і з астатнімі апазіцыйнымі лідарамі, якія рыхтуюць акцыі 25 сакавіка і 15 сакавіка. Я спадзяюся, што ў чацвер – пятніцу  мы сустрэнемся і будзе супольны план, які мы агучым магчыма на супольнай прэс-канферэнцыі. Я заклікаю да гэтага і Міколу Статкевіча, і папярэдне пагадзіліся на гэта Уладзімір Някляеў і Генадзь Фядыніч. Таму, я думаю, што мы будзем разам, і што па-сутнасці тое, што выказвае Зянон Станіслававіч, дык гэтая небяспека рэальная, ёсць рэальная пагроза такіх правакацый і я спадзяюся, што сёння лідары дэмакратычнай апазіцыі дастаткова адказныя, каб сцішыць свае ўласныя амбіцыі і сесці за стол перамоваў, каб гэта прадухіліць. 

Бліжэйшыя акцыі пратэсту супраць Дэкрэта №3 пройдуць у Маладэчне і Пінску, у пятніцу і суботу адпаведна. У нядзелю такія пратэсты запланаваныя ў Бабруйску, Воршы і Рагачове.

З адным з лідараў хрысціянскіх дэмакратаў, Віталём Рымашэўскім, пагутарыла Яна Запольская.

Беларускае Радыё Рацыя