Віталь Рымашэўскі: Пачынаем грамадскую кампанію ў абарону незалежнасці
Апазіцыя на мітынгу ў Дзень Волі 25 сакавіа, які мяркуецца правесці каля Опернага тэатру ў Менску, плануе пачаць шырокую грамадскую кампанію ў абарону незалежнасці Беларусі.
Па словах сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага, зараз сітуацыя ў краіне дастаткова крытычная:
– Аднымі мітынгамі незалежнасць не абароніш, таму мы ўсім удзельнікам прапануем далучыцца і да кампаніі ў абарону незалежнасці, у нас будзе абвешчаны там жа збор подпісаў за скасаванне саюзнай дамовы, мы заклікаем усіх неабыякавых грамадзян Беларусі пакінуць свой падпіс, далучыцца да працы, да кампаніі. Мы прапануем таксама грамадству пакет рэформ у падтрымку незалежнасці Беларусі.
Перадусім гэта законапраект аб абароне бела-чырвона-белага сцягу, а таксама рэформа сістэмы адукацыі, каб падтрымаць беларускую мову і культуру. Без гэтых рэчаў немагчыма абараніць поўнавартасную незалежнасць Рэспублікі Беларусь, – упэўнены Віталь Рымашэўскі.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя