Віталь Рымашэўскі: Спадзяванняў няма
Cузаснавальнік аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі кажа, што «ўлады Беларусі па-ранейшаму не зрабілі практычна ніводнага кроку па дэмакратызацыі краіны».
15 красавіка Вярхоўны Суд Беларусі правядзе судовае пасяджэнне па скарзе аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» на адмову яе рэгістрацыі Міністэрствам юстыцыі.
14 снежня 2015 года адбыўся ўстаноўчы з’езд Партыі БХД, 24 снежня дакументы былі пададзеныя ў Міністэрства юстыцыі для рэгістрацыі партыі. А 3 сакавіка 2016 года стала вядома, што Мінюст у шосты раз адмовіў у рэгістрацыі ПБХД.
Віталь Рымашэўскі: Шчыра скажу – няма нават самых малых спадзяванняў на справядлівае рашэнне суда. Улады ў Беларусі па-ранейшаму не зрабілі практычна аніводнага кроку па дэмакратызацыі краіны. Да таго ж, Еўропа зняццем санкцый і ўвядзеннем поўнафарматных стасункаў з беларускім рэжымам не стымулюе змяняць гэтую сітуацыю, а наадварот падштурхоўвае афіцыйны Менск замарожваць яе. Я нагадаю, што пасля нашай другой нерэгістрацыі МЗС Нідэрландаў зрабіла афіцыйны запыт на адрас беларускага МЗС з нагоды таго, чаму не зарэгістравалі БХД. І тады ўлады нават прыпынілі дзеянне адмовы ў нерэгістрацыі, каб дадаць новыя аргументы. А цяпер і гэтага няма. Рашэнне, напэўна, ужо недзе ляжыць пад сталом, а вынік судовага пасяджэння, безумоўна, будзе адмоўным для нас.
РР: Павел Севярынец неяк сказаў, што рэгістрацыя (нерэгістрацыя) БХД стане своесаблівым тэставаннем улады на прадмет таго, як яна збіраецца змяняцца.
Віталь Рымашэўскі: Насамрэч улады не бачаць ніякай патрэбы ў станоўчых кроках. Яны не здалі па сутнасці аніводнага пункта тэставання – ні па выбарчым заканадаўстве, ні па рэгістрацыі недзяржаўных арганізацый. Беларускі рэжым збіраецца працягваць сваё існаванне, кіруючыся старымі метадамі. І цяпер яны разлічваюць не толькі на падтрымку Расеі, але і заходняй дэмакратыі.
РР: Што так палохае ўладу ў рэгістрацыі БХД?
Віталь Рымашэўскі: Тут трэба зразумець, што краінай кіруюць людзі з савецкай ментальнасцю. Яны жывуць сваімі стэрэатыпамі, а дэмакратыя – гэта для іх нешта незразумелае, чаго яны проста баяцца. Баяцца права голасу і свабоды меркаванняў. Іх розум не ўспрымае людзей, якія думаюць інакш.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя