Віталь Рымашэўскі: Свабода СМІ адсутнічае
„Cправа БелтА еўрапейскімі палітыкамі не забытая, зараз аналізуюцца яе наступствы і ўплыў на самацэнзуру незалежнай беларускай прэсы, у тым ліку ў асвятленні апошняй парламенцкай выбарчай кампаніі”, – пра гэта па выніках пасяджэння працоўнай групы па Беларусі ў рамках чарговай сесіі Парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства „Еўранэст” у распавёў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Віталь Рымашэўскі:
– У прынцыпе гэта ўсе разумеюць, што свабода СМІ адсутнічае. Акрамя таго з боку АБСЕ таксама гучаў абсалютна адназначны пасыл, што ніякіх роўных умоваў для незалежных кандыдатаў у дэпутаты ў беларускай медыяпрасторы не было. Адзначалася наяўнасць такіх пляцовак, як Радыё Рацыя, Naviny.by, БелаПАН, дзе незалежныя кандыдаты, часам разам з праўладнымі, мелі дадатковую магчымасць для прамоваў і дэбатаў. Мы вельмі ўдзячныя за тое, што такія пляцоўкі прадастаўляліся.
На гэтым тыдні прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл прынялі ўдзел у мерапрыемствах парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства „Еўранэст” у сталіцы Грузіі – Тбілісі. Шырокае прадстаўніцтва запрошаных партый і рухаў было на пасяджэнні працоўнай групы па Беларусі.
Абмяркоўваліся такія пытанні, як мінулая выбарчая кампанія, пагрозы паглыбленай інтэграцыі з Расеяй, падтрымка незалежных СМІ, супраціў расейскай інфармацыйнай агрэсіі ды шэраг іншых.
Падрабязней пра гэтую сустрэчу пачуеце сёння ў перадачы „Мы бачым” у 19:30 паводле беларускага, у 17:30 паводле польскага часу.
Беларускае Радыё Рацыя