Віталь Рымашэўскі: Святлана Ціханоўская – не агент Крамля



Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі распавядае пра тое, ці адчуваецца падчас выбараў “рука Масквы”.

Палітык Зянон Пазьняк заявіў, што “тэхналогія, якую рэалізавала Масква на выбарах у Беларусі, аказалася даволі эфектыўнай”, “у Менску план раскусілі і Валерыя Цапкалу не арыштавалі”.

Віталь Рымашэўскі: Я вельмі паважаю Зянона Станіслававіча, але, як мне падаецца, ён некалькі адарваўся ад беларускай рэчаіснасці па абставінах, якія ад яго не залежаць, бо ўжо працяглы час жыве за мяжой.

А ў сёняшніх прэзідэнцкіх выбарах я больш бачу не “руку Масквы”, а волю народа да свабоды і дэмакратыі, да таго, каб зрынуць аўтарытарны рэжым і „людзьмі звацца”.

І не важна, хто зараз узначальвае гэты рух, таму што ніводны кандыдат, няхай ён будзе сто разоў прамаскоўскі, не здольны праводзіць прамаскоўскую лінію на хвалі пратэстаў у Беларусі. Таму што людзі, якія знаходзяцца ў камандах Віктара Бабарыкі, Валерыя Цапкалы, Святланы Ціханоўскай, яны ніколі не дапусцяць таго, каб кандыдат, нават калі б ён і захацеў, браў прарасейскі курс.

Тыя людзі, якія падтрымліваюць Святлану Ціханоўскую, яны выступаюць за незалежнасць, і гэта ёсць гарантыя таго, што сённяшняя сітуацыя не будзе скарыстана Масквой. А Святлана Ціханоўская сёння паводзіць сябе мужна і годна. Няма падстаў казаць, што яна не адстойвае пазіцыі незалежнасці краіны.

Таму трэба аб’ядноўвацца вакол гэтага кандыдата і перадусім бачыць волю беларускага народа і верыць у беларускі народ, бо час змены ўлады надыходзіць.

РР: Мяркуеце, што Крэмль зусім ніякім чынам не маніпулюе гэтымі выбарамі?

Віталь Рымашэўскі: Думаю, што нейкія распрацоўкі расейскіх паліттэхнолагаў усё-такі ёсць, і да іх трэба ставіцца досыць сур’ёзна. Але не думаю, што Святлана Ціханоўская з’яўляецца агентам Крамля.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя