Віталь Рымашэўскі: Заклікі аб’яднацца апазіцыі гучаць не ўпершыню (абноўлена)
Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч і Станіслаў Шушкевіч аб’явілі пра стварэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы кангрэса дэмакратычных сіл Беларусі.
У сумеснай заяве тры палітыкі падтрымалі апублікаваны 17 снежня зварот вядомых прадстаўнікоў культуры і грамадскіх дзеячаў да лідараў і актывістаў беларускай апазіцыі з заклікам кансалідавацца і правесці кангрэс дэмакратычных сіл для выпрацоўкі сумеснага плана дзеянняў.
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Віталь Рымашэўскі кажа, што адкрыты на дыялог, адзначае аднак, што заклікі аб’яднацца апазіцыі гучаць ужо не ўпершыню:
– Многія заклікі да яднання, якія пасля не прыносілі паспяховых вынікаў, яны як раз дэвальвуюць. Шэраговыя актывісты і грамадства ў цэлым ставяцца скептычна да новых заклікаў, да яднання ў любых формах. Што тычыцца закліку беларускай інтэлігенцыі да яднання напярэдадні палітычнай кампаніі, я гэта вітаю, бо поспех як раз залежыць ад двух чыннікаў. Яднанне мусіць быць на супольных каштоўнасцях – гэта адно. Другое, яднанне мусіць быць вакол супольнай стратэгіі, вакол супольнага, канкрэтнага плана дзеянняў.
Першы намеснік Руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч адзначае, што правацэнтрысцкія апазіцыйныя сілы ўжо аб’ядналіся:
– Такая ініцыятыва мае сэнс. Такі кангрэс патрэбны. Калі казаць пра правацэнтрысцкія сілы, то яны ўжо маюць пэўныя планы. Калі ўтворыцца падобны блок у левых палітычных сіл Беларусі, то я не выключаю, што можа быць моцная каардынацыя ў далейшым паміж гэтымі двума блокамі.
Мікалай Статкевіч выказаў меркаванне, што кангрэс неабходна праводзіць ужо ў лютым-сакавіку.
Сярод тых, хто падтрымаў ідэю правядзення кангрэса, Рух салідарнасці „Разам” Вячаслава Сіўчыка, які 17 снежня прысутнічаў на пасяджэнні аргкамітэта гэтай арганізацыі і там было заяўлена пра падтрымку кангрэса.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя