Віталь Воранаў: Праблема “Карты беларуса” актуалізавалася як ніколі



“Беларуская дзяржава павінна больш якасна ўзяць пад ахову і апеку беларускую традыцыйную і сучасную культуру, а таксама мову. Без гэтага ніяк немагчыма развіваць і захоўваць беларускую культуру на Падляшшы, паколькі ўсе пытанні культуры ўпіраюцца ў статуснасць мовы і культуры, іх прэстыж і запатрабаванасць у самой Беларусі. Беларусь таксама павінна сур’ёзна падумаць пра “Карту беларуса”, – так лічыць беларускі пісьменнік, які жыве ў Польшчы, Віталь Воранаў:

– Гаворка пра магчымасць увядзення „Карты беларуса” вядзецца даволі даўно, яна пачалася тады, калі аб’явілі, анансавалі пра ўвядзенне „Карты паляка”. Цяпер актуалізуецца праблема „Карты беларуса”, як магчымасць супрацьстаяння адтоку людскога рэсурсу, людзей адукаваных, якія маглі б працаваць у Беларусі на радзіме.

“Пытанне ўвядзення Карты беларуса становіцца актуальным у сувязі са зменай геапалітычнай сітуацыі ў свеце. Шмат хто кажа, што Карта беларуса ці беларускае грамадзянства не ў стане вытрымаць канкурэнцыі з нашмат больш “статусным” і прэстыжным грамадзянствам Польшчы і „Картай паляка”, але гэтае мысленне перабольшанае і ў значнай ступені абапіраецца на міфы”, – сцвярджае Віталь Воранаў.

Беларускае Радыё Рацыя