Вітальд Вашчыкоўскі абяцае «адкарэктаваць» дачыненні з Украінай
Міністр замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі абяцае «адкарэктаваць» адносіны з Кіевам, калі Украіна ня зменіць сваёй гістарычнай палітыкі. У інтэрв’ю для тэлеканала TVP1 Вітальд Вашчыкоўскі паведаміў, што ў бліжэйшы час адправіцца з працоўным візытам у Львоў, дзе будзе размаўляць на тэму польска-ўкраінскіх дачыненняў.
Незадаволенасць міністра выклікае гераізацыя Украінскай паўстанцкай арміі – партызанскага руху часоў Другой сусветнай вайны. На думку Вітальда Вашчыкоўскага, УПА нельга параўноўваць з партызанамі польскай Арміі Краёвай. «Нават калі ў гісторыі Арміі Краёвай мы можам знайсці нейкія інцыдэнты, ніколі не знойдзем такіх масавых забойстваў, якія здзейсніла УПА ў Валыні», – падкрэсліў міністр замежных спраў.
Вітальд Вашчыкоўскі заявіў, што калі Украіна не дапусціць на сваю тэрыторыю даследчыкаў, якія да нядаўняга займаліся эксгумацыяй пахаванняў загінулых палякаў, то Польшча забароніць уязджаць на сваю тэрыторыю «асобам, якія прадстаўляюць крайне антыпольскія погляды» і перашкаджаюць працы археолагаў.
Міністр замежных спраў Польшчы нагадаў, што Варшава нядаўна адмовілася ад ідэі надрукаваць на старонках польскага пашпарта выяву Могілак Арлятаў – мемарыялу палякам, якія загінулі ў баях за Львоў у 1918 годзе. «Кроку ў адказ у выглядзе допуску польскіх рэстаўратараў на гэтыя могілкі мы не дачакаліся», – паведаміў міністр. Па словах Вітальда Вашчыкоўскага, ён «задумаецца над тым, ці рэкамендаваць прэзідэнту Польшчы ехаць у бліжэйшы час ва Украіну».
Прыгадаем, Украіна забараніла працы польскіх археолагаў на сваёй тэрыторыі ў чэрвені гэтага года. Адбылося гэта пасля таго, як актывісты нацыяналістычнай арганізацыі Ruch Narodowy разабралі помнік з надпісам «Героям УПА, якія змагаліся за вольную Украіну», які больш за 20 гадоў стаяў на могілках у вёсцы Грушавіцы на польска-ўкраінскім памежжы.