Вітальд Вашчыкоўскі: Мы заўважаем пазітыўныя змены ў Беларусі
Мы заўважылі, што Беларусь цікавіцца супрацай з НАТА, таму мы выходзім насустрач.
Вітальд Вашчыкоўскі (Фота PAP/EPA)
Пра гэта паведаміў міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі на брыфінгу на Нацыянальным стадыёне. Міністр адзначыў, што Польшча заўважыла прагрэс, які адбыўся ў Менску цягам апошніх месяцаў:
– Мы заўважаем цягам апошніх месяцаў пазітыўныя змены ў Беларусі. У Менску ў мяне была магчымасць паразмаўляць пра гэтыя пазітыўныя змены некалькі месяцаў таму з міністрам замежных спраў, а таксама падчас даўжэйшай размовы з прэзідэнтам Лукашэнкам.
Таксама кіраўнік польскай дыпламатыі дадаў, што Польшча хоча адыгрываць ролю асаблівага пасярэдніка ў збліжэнні Беларусі да супрацацоўніцтва з НАТА:
– Альянс адкрыты да супрацы з Беларуссю, альянс прадставіў шмат гадоў таму Беларусі сяброўства ў “Партнёрстве дзеля міру”, таксама іншая еўрапейская арганізацыя, якой з’яўляецца Еўразвяз, прапанавала Беларусі ўдзел ва “Усходнім партнёрстве”. Напрацягу апошніх гадоў па-рознаму было ў адносінах паміж Еўропай і НАТА з Беларуссю, але сёння сітуацыя змянілася, мы заўважаем зацікаўленасць з боку Менска ў супрацы, і таксама выходзім насустрач гэтай зацікаўленасці, а Польшча хоча адыграць ролю пасярэдніка, які б набліжаў Беларусь да супрацы з НАТА.
У сваім брыфінгу міністр Вашчыкоўскі таксама аднёсся да Расеі, зазначаючы пагрозу, якую яна нясе. У той жа ж час Аляксандр Лукашэнка на мінулым тыдні падчас святкавання 3 ліпеня адзначыў, што Беларусь адаб’е любую навалу з дапамогай братняй Расеі.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя