Вітаўтас Ландсбергіс: супраціўляцца ці пакорліва легчы пад БелАЭС?



Літоўскі прафесар, былы кіраўнік дзяржавы, Вітаўтас Ландсбергіс на паседжанні Саюзу Айчыны-Хрысціянскіх дэмакратаў Літвы (СА-ХДЛ) заявіў, што на сённяшні дзень практычна нічога не робіцца для таго, каб спыніць запуск БелАЭС пад Астраўцом, паведамляе інфармацыйнае агенцтва delfi.ru.

„Звычайны чалавек не вельмі сябе добра адчувае, калі вакол небяспека, якой ён сам не можа даць рады. Каб не было гэтай небяспекі з’яўляецца жаданне яе ігнараваць, не акцэнтаваць увагу ці нават паддацца на перакананні нібыта той, хто кажа пра небяспеку, палохае, сам баіцца дарэмна, дарэмна панікуе, і мы, саромеючыся, хаваемся ў кусты. Няўжо мы цяпер не знаходзімся ў рэжыме надзвычайнага становішча, калі загружаюць уран? Калі запрацуе, тады пачнем нешта рабіць? Мы павінны настроіцца на актыўныя дзеянні і не звяртаць увагі на словы, нібыта мы наўмысна палохаем, хочам перамагчы на выбарах і г.д.

Галоўнае пытанне – супраціўляцца ці пакорліва легчы пад БелАЭС? На яго не адказалі. Імітуецца супраціў на словах, дзеянняў практычна няма”, – сказаў 11 ліпеня Ландсбергіс. Прафесар заявіў, што не бачыць увагі да пытання выжывання Літвы. „Жыццё нас пераганяе, і праблемы пераганяюць. Мне хацелася б больш пэўнасці і яснасці ў пытанні жыццядзейнасці і выжывання Літвы. Так пазбягаюць фармулявання асноўнага пытання. Гэтая праблема стаіць перад будучыняй нашай краіны, грамадства і яго будучыні. Стары чалавек можа махнуць рукой, можа, дажывем да панядзелка. Але мяне хвалюе, што будзе ў аўторак і ў пятніцу. Калі ў пятніцу нас ужо не стане, то мяне не супакойвае тое, што да панядзелка мы дацягнем, можа, і паказнікі някепскія, нехта нас хваліць. Гэта ўсё павярхоўныя рэчы”, – заўважыў ён.

Ландсбергіс заклікаў грамадства быць адказным за будучыню. „Мы маглі б стаць выняткам у лепшы бок. Мы стараемся крыху быць такімі, але, мне здаецца, высілкаў мала. Асабіста мне хацелася б, каб мы не баяліся быць тымі, хто абвяшчае пра небяспеку, хто не толькі паведамляе, але і заклікае да канкрэтных дзеянняў, рыхтуецца да бяды, якая стаіць ля брамы”, – сказаў прафесар.

Беларускае Радыё Рацыя