Вітольд Ашурак ідзе па Нёманскай выбарчай акрузе № 56
Грамадскі актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак зарэгістраваў ініцыятыўную групу па зборы подпісаў за вылучэнне сваёй кандыдатуры па Нёманскай выбарчай акрузе № 56. Тэрытарыяльна да гэтай акругі адносяцца цалкам Дзятлаўскі і часткова Лідскі раёны.
Падчас мінулых выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Вітольд Ашурак ужо балатаваўся па гэтай акрузе. Па яго словах, удзел у сёлетняй выбарчай кампаніі – гэта чарговы крок да будучай перамогі.
– Я дзейнічаю згодна з маім планам. Мой план разлічаны на 10-15 гадоў наперад. Таму мінулы раз я проста прыглядаўся да акругі. Я проста паказваў сябе. Гэты раз будзе заяўка на моцны ўдзел. Ну а далей – будзем перамагаць.
Акрамя Вітольда Ашурка, свае ініцыятыўныя групы па 56-й акрузе зарэгістравалі – індівідуальны прадпрымальнік з Казлоўшчыны Сяргей Альшэўскі і намеснік дырэктара аднаго з дзяржаўных прадпрыемстваў у Гародні Уладзімір Сіняк.
Збор подпісаў за кандыдатаў працягнецца да 7 кастрычніка. Выбары павінныя адбыцца 17 лістапада.
Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя