Віцэ-канцлер Германіі, міністр фінансаў Олаф Шольц сустрэўся са Святланай Ціханоўскай



Віцэ-канцлер Германіі, міністр фінансаў Олаф Шольц 9 лістапада сустрэўся са Святланай Ціханоўскай і абмеркаваў з ёй цяжкую сітуацыю ў Беларусі, паведаміла прэс-служба Міністэрства фінансаў ФРГ.

Акрамя таго, бакі гаварылі аб барацьбе Ціханоўскай за дэмакратыю і грамадзянскія правы. Шольц мае найбольшыя шанцы стаць новым канцлерам пасля перамогі яго Сацыял-дэмакратычнай партыі на вераснёўскіх парламенцкіх выбарах.

Беларускі дэмакратычны лідар прыбыла ў Германію з чатырохдзённым візітам. Паводле інфармацыі яе прэс-службы, запланаваны сустрэчы з прэтэндэнтамі на пасаду канцлера ФРГ, міністрамі, лідарамі партый. Заўтра яна правядзе перамовы з прэзідэнтам краіны Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам. Для новага ўрада, які фармуецца пасля парламенцкіх выбараў, Ціханоўская перадасць прапановы па аднаўленні законнасці ў Беларусі, арганізацыі перамоў і іх фармату, інвестыцыйнай і адукацыйнай праграме, праграме падтрымкі медыя і грамадзянскай супольнасці, плане рэформаў Новая Беларусь.

Візіт экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі ў Германію — ужо чацвёрты. Раней яна сустракалася з канцлерам Ангелай Меркель і Олафам Шольцам, Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам і міністрам замежных спраў Хайка Маасам.