Віцэ-прэм’ер Ляшэнка перадаў Зяленскаму віншаванні ад Лукашэнкі
Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Ляшэнка ўзяў удзел у цырымоніі інаўгурацыі шостага прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага 20 мая ў Кіеве і перадаў яму віншаванні з афіцыйным уступленнем на пасаду ад Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе беларускае пасольства ва Украіне.
Ляшэнка таксама правёў рабочую сустрэчу з віцэ-прэм’ер-міністрам — міністрам рэгіянальнага развіцця, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Украіны Генадзем Зубко. Чыноўнікі абмеркавалі стан і перспектывы беларуска-ўкраінскіх адносін у гандлёва-эканамічнай сферы, а таксама падрыхтоўку да правядзення II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, запланаванага на кастрычнік 2019 года ў Жытоміры.
Варта адзначыць, што ў інаўгурацыі папярэдняга прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі ў 2014 годзе ад Беларусі ўдзельнічаў Аляксандр Лукашэнка, якому было накіраванае асабістае запрашэнне.
41-гадовы шоумен Уладзімір Зяленскі перамог Парашэнку ў другім туры выбараў 21 красавіка. Лукашэнка павіншаваў яго на наступны дзень. „З задавальненнем адзначаю, што падмуркам адносін паміж нашымі краінамі традыцыйна з’яўляюцца загартаваныя сумеснай гісторыяй братэрскія сувязі беларусаў і ўкраінцаў. Пацвярджаю, Беларусь заўсёды была і застанецца для Украіны прадказальным партнёрам, надзейным суседам і добрым сябрам”, — адзначалася ў пасланні. Лукашэнка выказаў упэўненасць, што „сумесныя намаганні дазволяць захаваць на доўгі час і паглыбіць пазітыўную дынаміку двухбаковага супрацоўніцтва, а дзейнасць Уладзіміра Зяленскага ў якасці кіраўніка дзяржавы будзе спрыяць росквіту Украіны, усталяванню міру і грамадзянскай згоды”.
Фота president.gov.ua