Віцэ-прэм’ер Польшчы спадзяецца на далейшыя санкцыі ў дачыненні да Расеі



Чарговым адказам на справу Скрыпаля павінна стаць заблакаванне праекту «Паўночны паток-2» – палітык.

Міністр навукі й вышэйшай адукацыі, віцэ-прэмʼер Польшчы Яраслаў Говін ў эфіры Польскага Радыё сказаў, што разлічвае на чарговыя меры міжнароднай грамадскасці ў дачыненні да Расеі ў сувязі з замахам на падвойнага агента Сяргея Скрыпаля і яго дачку.

Чарговыя рашэнні павінны датычыць расейска-нямецкага газаправоду «Паўночны паток-2», – лічыць Говін.

«Урад Нямеччыны павінен зразумець, асабліва цяпер, пасля гэтага скандалу, з кім мае справу», – сказаў віцэ-прэмʼер, зазначыўшы, што ён задаволены міжнароднай салідарнасцю й рэакцыяй многіх краін на справу Скрыпаля.

Учора ў рамках скаардынаванай акцыі больш за 20 дзяржаў, у тым ліку Польшча, заявілі пра выдварэнне расейскіх дыпламатаў. Расея заявіла пра меры ў адказ.

Польшча прыняла рашэнне аб выдварэнні чатырох расейскіх дыпламатаў.

У спробе атручвання брытанскага экс-агента й былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля й яго дачкі Вялікабрытанія й яе саюзнікі падазраюць Расею. Масква аднак адмаўляе дачыненне да інцыдэнту.

Польскае Радыё

Фота: nauka.gov.pl