Віцэ-прэм’ер заклікаў перахопліваць ініцыятыву ў сайтаў і блогераў



Друкаваныя СМІ павінны больш пільную ўвагу звярнуць на напаўненне, заявіў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка на калегіі Міністэрства інфармацыі па выніках 2019 года, паведаміла прэс-служба ўрада.

„Журналіст павінен умець убачыць цікавы факт або з’яву і расказаць пра яго жыва і займальна. А калі гэта аналітычны артыкул, то ён павінен у першую чаргу быць напісаны пісьменнай і зразумелай мовай. Калі мы не раскажам пра праблему, то пра яе на ўзроўні краіны раскажуць на папулярным інтэрнэт-сайце, на ўзроўні рэгіёну — блогеры. Таму нам неабходна перахапіць ініцыятыву, у тым ліку ў інтэрнэце”, — заклікаў чыноўнік.

На яго думку, сёння, калі імкліва развіваюцца сацыяльныя медыя, традыцыйным СМІ неабходна прыкладаць максімум намаганняў не толькі для таго, каб утрымаць сваю аўдыторыю, але і яе пашыраць. „У гэтай працы нельга абмяжоўвацца толькі сайтамі. Выданні, у першую чаргу рэгіянальныя, павінны працаваць у сацсетках, ствараць свае суполкі”, — заклікаў Петрышэнка.

Як адзначаецца ў рэлізе, віцэ-прэм’ер „абазначыў задачы, якія стаяць сёння перад дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі”. У асноўных тэлеканалаў іх тры: „да канца года яны павінны забяспечыць у штомесячным аб’ёме вяшчання праграм аб’ём нацыянальнага кантэнту не менш за 30%”, „прасоўваць кантэнт праз інтэрнэт” і стварыць „дзейсную сістэму медыявымярэнняў” у сувязі з „неэфектыўнай сістэмай узаемадзеяння рэкламадаўцаў і тэлеканалаў”. Істотна знізіліся даходы тэлеканалаў, як следства — іх фінансава-эканамічныя паказчыкі ў цэлым, адзначыў Петрышэнка. „Трэба ведаць сваю аўдыторыю, яе запыты, а ўжо потым будаваць тактычныя планы і выпрацоўваць стратэгіі”, — лічыць ён.

Паводле слоў чыноўніка, у найбліжэйшы час неабходна завяршыць стварэнне Асацыяцыі радыёвяшчальнікаў, паскорыць развіццё нацыянальнай сферы радыёвяшчання.

belapan.by