Віцэ-прэзідэнт ЗША наведае Украіну
Джо Байдэн плануе пабываць з візітам у Кіеве ў сярэдзіне лістапада. Пра гэта спадар Байдэн заявіў у панядзелак у тэлефоннай размове з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам з нагоды праведзеных ва Украіне парламенцкіх выбараў.
Як гаворыцца ў заяве Белага Дома, у час гэтага візіту Байдэн мае намер абмеркаваць з украінскім лідарам пытанні, якія тычацца дачыненняў абедзвюх краін, рэформаў ва Украіне, а таксама неабходнасць поўнага вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі краіны з тым, каб забяспечыць міжнароднае назіранне за сітуацыяй на расейска-ўкраінскай мяжы ў адпаведнасці з Менскім пагадненнем ад 5 верасня.
Раней, у панядзелак, прэзідэнт ЗША Барак Абама павіншаваў народ Украіны з паспяховым правядзеннем выбараў, адзначыўшы пры гэтым, што, паводле ацэнкі назіральнікаў, выбары ў «значнай ступені прайшлі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі».
Адначасова з гэтым прэзідэнт ЗША ўсклаў адказнасць на Расею і прарасейскіх сепаратыстаў за тое, што ў некаторых раёнах Украіны грамадзяне былі пазбаўленыя магчымасці прыняць удзел у выбарах.
„Цалкам відавочна, што расейскія ўлады, якія акупуюць Крым, і сепаратысты, якіх падтрымлівае Расея, не дазволілі шматлікім украінскім грамадзянам скарыстацца дэмакратычным правам удзельнічаць у нацыянальных выбарах”,— заявіў прэзідэнт ЗША Барак Абама.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота crashonline.ru