Віцэ-спікер польскага Сейма наведаў Курапаты



Віцэ-спікер Сейма Рэспублікі Польшча Рышард Тэрлецкі знаходзіцца ў Менску з афіцыйным візітам. 3 жніўня ён наведаў мемарыял Курапаты пад Менскам, дзе пахаваныя тысячы ахвяраў рэпрэсій сталінскіх часоў. Не выключаецца, што ў тым ліку там знаходзяцца і пахаваніі грамадзянаў Польшчы.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Адбылася жалобная імша. Пасля цырымоніі ўскладання кветак Рышард Тэрлецкі адказаў на пытанні журналістаў:

— Гэта святое месца для беларусаў і палякаў і іншых нацыянальнасцяў: грамадзянаў колішняй Рэчы Паспалітай, якія тут загінулі. Таму мы прыходзім сюды як пілігрымы, схіліцца над іх магіламі, але таксама з надзеяй, што мы зможам і далей набліжацца да раскрыцця ўсіх таямніцаў, звязаных з гэтым месцам, што мы зможам навязваючы штораз лепшую супрацу з Беларуссю, таксама лепш дбаць пра магілы нашых суайчыннікаў.

Вось ужо амаль год як ліквідаваныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі, што змянілася ў беларуска-польскіх дачыненнях?

— Змены адбываюцца ўвесь час і мой візіт — адзін з элементаў гэтых зменаў. Мы лічым, што суседнія народы і дзяржавы павінны ўтрымліваць паміж сабой як мага лепшыя ўзаемаадносіны і мы будзем імкнуцца да таго, каб гэтыя дачыненні паляпшаць. Візіты як міністра замежных спраў так і канстытуцыйных міністраў і розных асобаў з галіны эканомікі і сённяшні мой візіт — гэта чарговыя крокі да нармалізацыі і аднаўлення ўзаемадачыненняў. Санкцыі былі адмененыя пасля прэзідэнцкіх выбараў і былі адноўленыя разнастайныя кантакты паміж Беларуссю і Польшчай. Набліжаюцца парламенцкія выбары і мы спадзяемся, што гэтыя выбары будуць празрыстымі і сумленнымі. Мы таксама будзем удзельнічаць у назіранні за гэтымі выбарамі. Я думаю, што  сітуацыя зменіцца, што нават гэты наш візіт адкрые дарогу для міжпарламенцкіх кантактаў. Мы можам па-рознаму ацэньваць палітычныя сістэмы ў розных краінах Еўропы і свету, але мы ня хочам занядбаць кантактаў з суседняй дзяржавай і з блізкім нам народам.  

Якія былі галоўныя тэмы вашых размоваў з беларускімі палітыкамі?

Мы закранулі мноства тэмаў. Столькі, колькі было магчыма за паўтара дня: мы размаўлялі і пра палітычныя справы і пра сітуацыю ў Еўразвязе і пра навязванне дачыненняў паміж ЕЗ і Беларуссю, паміж Польшчай і Беларуссю. Таксама мы гаварылі і пра канкрэтныя справы, што датычылі перад усім польскіх пытанняў: мы гаварылі пра гістарычную палітыку, пра нашы  пастулаты, датычныя між іншым і гэтага месца, пра адкрыццё архіваў, пра магчымасць розных дзеянняў дзеля ўвекавечвання памяці пра нашых суайчыннікаў тут, а таксама пра справы палякаў у Беларусі і пра тую не камфортную сітуацыю калі адзін Саюз палякаў  не прызнаецца беларускімі ўладамі, а другі — прызнаецца. І гэтую праблему мы хацелі б вырашыць. Мы мяркуем, што гэта будзе магчыма, калі беларускія ўлады прызнаюць таксама і той, другі, Саюз, з якім мы ў утрымліваем блізкія кантакты. Таксама мы размаўлялі пра памежны рух і розныя ідэі і праекты эканамічнага характару, пра прагрэс у медыйных кантактах. Перад намі шмат справаў, і ўбачым, што і наколькі хутка ўдасца вырашыць.

РР: Ці лічыце вы верагодным візіт вышэйшых кіраўнікоў Беларусі ў Польшчу і Польшчы — у Беларусь?

— У дадзены момант цяжка сказаць, паглядзім як будзе развівацца сітуацыя.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

На сустрэчы ў Курпатах прысутнічалі прадстаўнікі польскай грамадскасці ў Менску:

Ігар:

— Вельмі прыемна, што давялося прыняць удзел у такім мерапрыемстве. Я вельмі рады і ганаруся, што ёсць такая магчымасць.

— Кожны візіт польскага боку мы ацэньваем вельмі высока і да Божа, каб узаемныя сувязі Польшчы і Беларусі аднавіліся як мага зутчэй і былі як мага лепшымі.

РР: Раней у Саюза палякаў былі вялікія праблемы…

— І яны не скончыліся.

Але мы вельмі хочам, каб гэтыя праблемы найхутчэй скончыліся ў добрым, так бы мовіць, накірунку, — сказала жыхарка Менска спадарыня Хелена.

4 жніўня Рышард Тэрлецкі плануе сустрэчу з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскага сектару Беларусі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара