Віцебск: Народ павінен адчуваць, што ён улада



У Віцебску адбыўся самы масавы пратэст за чвэрць стагоддзя.

Звыш 2 тысяч чалавек выйшлі на вуліцы, каб паказаць сваю нязгоду з Дэкрэтам № 3, з самім увядзеннем тэрміну “дармаед”.

Істотным мінусам акцыі стала адсутнасць гукаўзмацняльнай апаратуры ў выступоўцаў, з-за гэтага не ўсе прысутныя здолелі пачуць тых, хто выступаў перад імі.

Людзі на маршы недармаедаў скандавалі лозунгі “Жыве Беларусь”, “Працу!” і “Лукашэнку ў адстаўку!”:

– Шаноўнае спадарства! Я Таццяна Севярынец. Учора перад тым, як прыйсці сюды, я падняла Канстытуцыю, адкрыла з самага пачатку і чытаю: „Кожны чалавек – гэта каштоўнасць, вышэйшая каштоўнасць у дзяржаве, дзяржава адказная перад грамадзянамі”. Гэта не дзейнічае. Артыкул 41, дзеля якога вы сёння тут, грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на труд, як самы прыстойны спосаб самасцвярджэння чалавека. Дзяржава павінна ствараць умовы дзеля поўнай занятасці насельніцтва. Выконваецца гэта? Няма, не выконваецца гэта. Прачнуліся людзі, толькі калі іх дастала. З аднаго боку мне таксама вельмі прыкра, што гэта страўнік. З другога боку, калі сёння столькі людзей – гэта ўжо не страўнік, вочы ў іх зусім іншыя. Пайшлі за бел-чырвона-белым сцягам. Мы не падрыхтаваныя тым, што няма ў нас гукаўзмацняльніка, самых звычайных тэхнічных сродкаў няма. Я вельмі спадзяюся, што тэхнічныя нейкія ўмовы ў нас будуць выпраўленыя, людзі, каму спадабалася, яшчэ прыйдуць. У нас будзе Дзень Волі такім, калі людзі адчуюць сябе вольнымі людзьмі, выпрацуем нейкія канкрэтныя прапановы, будзе рэзалюцыя.        

– Народ павінен адчуваць, што ён улада, а не чыноўнікі, нават уключаючы прэзідэнта. Ён павінен слухацца, а не тое, што я пабудаваў, я прадам, я зрабіў, я туды, я сюды. Як ён задаў пытанне дэпутатам, калі два скліканні былі разам сабраныя: “Вам дэпутаты трэба працаваць у сваёй краіне, і на сваю краіну”. Атрымліваецца, дзе яны працуюць? Дзе яны працуюць?

– Ён указ адмяніў, і дэкрэты, і хто ў арміі быў, людзі хворыя, а ён не дае пенсіі, і працы няма.

– Мікрафона няма, я буду крычаць. Я 17-га чысла быў у Менску, на Маршы абураных беларусаў. Я бачыў, як людзі сабраліся, людзі не баяцца. Людзей было вельмі шмат, таму я хачу сказаць, я заклікаю вас, віцебчукі, не бойцеся. Каб нам справіцца з гэтай бядой, нам трэба проста ўсім разам не плаціць падатак, і нічога яны з намі не зробяць. Хопіць баяцца, таму заклікаю, не плаціце падатак і не трэба нічога баяцца.  

Праз некаторы час пасля заканчэння акцыі на выхадзе з крамы была затрымана грамадская актывістка Таццяна Севярынец. 

Наступны пратэст у Віцебску адбудзецца на Дзень Волі, 25-га сакавіка. Ён пачнецца а 12-й гадзіне на плошчы Перамогі.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск

Фота news.vitebsk.cc