Віцебск: самы вялікі штраф “за незалежнасць” – 1350 рублёў



У судзе Чыгуначнага раёну  завяршыўся разбор адміністрацыйных справаў, пачатых супраць удзельнікаў віцебскай акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі, якая адбылася 29-га снежня мінулага года. 

Самы буйны штраф памерам 50 базавых велічынь суддзя Алена Цыганкова прысудзіла Аляксею Прохараву. Хлопец не мае дачынення ні да якіх апазіцыйных структур. Ён кажа, што далучыўся да акцыі выключна таму, што хацеў выканаць свой грамадзянскі абавязак у адпаведнасці з  Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь:

– Наш кіраўнік вялікі дзяржаўны з Пуціным абмяркоўвае дарожныя мапы, незалежнасць нашу абменьвае на нейкія зніжкі на газ… Лічу, што пагроза існуе, вельмі вялікая – што краіна знікне! Я зараз у судзе казаў, што  я, як грамадзянін, па 57-м артыкуле Канстытуцыі абараняю Рэспубліку Беларусь.

Суд пастанавіў, што Аляксей Прохараў парушыў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах ужо другі раз. У снежні мінулага году яго пакаралі штрафам за рэпост аб’явы пра менскія акцыі пратэсту. А цяпер – за тое, што выйшаў на Плошчу перамогі  разам з іншымі жыхарамі  Віцебска, якія  з раздрукаваных на паперы літар склалі слова “Незалежнасць”.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск