Віцебск: штрафы за незалежнасць выраслі ўдвая
Двух удзельнікаў акцыі ў падтрымку суверэнітэту Беларусі суд Чыгуначнага раёну аштрафаваў больш як на 1 200 даляраў. Штрафы памерам 50 базавых велічынь (1350 рублёў) прысуджаны Уладзіміру Кійко і Міколу Качурцу.
Абодва на суд не з’явіліся. Бо ўгэтым няма сэнсу, тлумачыць Уладзімір Кійко:
– Я не лічу сябе вінаватым, не лічу, што здзейсніў нейкае злачынства. Я толькі рэалізоваў свае правы, гарантаваныя мне Канстытуцыяй. І я лічу, што ў нас няма незалежных судоў, што ўсе рашэнні прымаюцца загадзя, яшчэ да пачатку працэса. Таму – навошта я туды пайду.
Падчас акцыі 29 снежня, калі людзі склалі з раздрукаваных літар слова “Незалежнасць”, Уладзімір Кійко яшчэ й трымаў плакат са словамі “Абаронім краіну” і “Не-інтэграцыі”.
Мікола Качурэц узняў бел-чырвона-белы сцяг. Пра здзейсненае не шкадуе, хаця ён пенсіянер, а сума штрафа – вялікая:
– Ніколькі не шкадую! Бо нельга ацаніць у грашах незалежнасць краіны, суверэнітэт! Шкада толькі, што ў нашай краіне нас судзяць за тое, што мы баронім незалежнасць. Сам я лічу, што ўсё зрабіў слушна – трэба было выступіць на абарону, і наступным разам буду рабіць тое самае.
І Міколу Качурца, і Уладзіміра Кійко прысудзіў да штрафаў суддзя Юрый Урбан. Абодва ўжо мелі сёлета адміністрацыйныя спагнанні – былі аштрафаваныя за фотаздымкі з бел-чырвона-белым сцягам каля помніка князю Альгерду напярэдадні Дня Волі. І вялікія штрафы абумоўлены менавіта паўторным парушэннем заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
Усяго за апошнія тры дні ў Віцебску аштрафавалі 5 чалавек, агульная сума штрафаў склала больш як на 4 600 беларускіх рублёў . Яшчэ 4-х удзельнікаў акцыі ў падтрымку незалежнасці будуць судзіць на наступным тыдні.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск