Віцебск: удзельнікаў акцыі за незалежнасць будуць судзіць цэлы тыдзень



Акцыя ў падтрымку суверэнітэту Беларусі прайшла ў Віцебску 29 снежня мінулага года, нагадвае Таццяна Севярынец:

– Краіна пад пагрозай знікнення, і мы вырашылі ў Віцебску – гэта наша рашэнне, некалькіх чалавек – выйсці і стаць на галоўнай плошчы  горада з заклікам да незалежнасці. Абвясціць, што мы – за гэтую незалежнасць. Мы заслужылі яе нашай шматпакутнай гісторыяй, і я не разумею, як можа быць інакш! 

Каля 15-ці жыхароў Віцебску выйшлі на Плошчу перамогі , склаўшы з літар на папяровых шыльдачках слова “Незалежнасць”. Таксама людзі трымалі бел-чырвона-белыя сцягі, цяперашні дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь  і некалькі плакатаў.  З паўгадзіны яны прастаялі на плошчы “пад прыцэлам” міліцэйскіх відэааператараў у цывільным.

Цяпер міліцыя высвятляе асобы ўдзельнікаў, і адным з першых атрымаў позву ў суд Уладзімір Кійко:

– Патэлефанавалі з невядомага нумара, як аказалася, гэта быў маёр Зуеў. Ён спытаў, ці быў я на акцыі 29 снежня. Я сказаў, што так, быў. Ён паведаміў, што супраць мяне распачалі адміністрацыйную справу, і паведаміў таксама, што будзе выклікаць усіх тых людзей, якія былі на акцыі.

Справы супраць удзельнікаў акцыі  паводле артыкула 23.34 КоАП пачаў аддзел міліцыі Чыгуначнага раёну, і ў судзе гэтага ж раёну пройдуць працэсы над тымі, хто выступіў за незалежнасць Беларусі.

Першыя суды прызначаны ўжо на 15 студзеня, вядома таксама пра працэсы 16, 17 і 21 студзеня. Паколькі ў акцыі бралі ўдзел не толькі вядомыя актывісты, але і простыя жыхары Віцебску, праваабаронцы імкнуцца звязацца з кожным, каб падтрымаць на судзе.

Некаторыя з удзельнікаў віцебскай акцыі ўжо былі аштрафаваны за падобныя акцыі ў Менску. Прыкладам, Таццяне Севярынец і Алене Янушкоўскай  9 студзеня прысудзілі  адразу па два штрафы, і кожная актывістка павінна сплаціць па 1620 рублёў.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск