Віцебскія дэсантнікі – за Святлану Ціханоўскую



2-га жніўня ў Беларусі адзначаюць Дзень паветрана-дэсантных войскаў. У гэты ж дзень у Віцебску прайшоў мітынг у падтрымку Святланы Ціханоўскай, арганізаваны даверанымі асобамі кандыдаткі і яе прыхільнікамі-валанцёрамі.

Кожны меў магчымасць выказацца ў так званы вольны мікрафон, і адзін з такіх выступоўцаў, былы дэсантнік ў пазнавальным блакітным берэце, сказаў тыя словы, якіх чакаюць сёння беларусы:

– Я ведаю, хто такая Ціханоўская, і за што яна змагаецца. Я вам прасцей скажу: дэсантнікі ніколі не пойдуць супраць свайго народа! Я даваў прысягу, што мы служым  свайму народу, а не ўладам. Трэба прыбіраць дыктатара! Я буду абіраць 9-га жніўня новага прэзідэнта!

Як вядома, Аляксандр Лукашэнка падчас гэтай выбарчай кампаніі наведаў шэраг вайсковых частак. 16-га ліпеня ён прыязджаў у віцебскую 103-ю мабільную дэсантную брыгаду, дзе заявіў, што ў краіне зараз неспакойна, і што дэсантнікі мусяць быць напагатове, каб выканаць любую задачу кіраўніцтва. Сустрэцца з байцамі віцебскай дэсантнай брыгады была гатова і Святлана Ціханоўская: з заявай пра гэта вайсковую частку наведала давераная асоба кандыдаткі, Таццяна Севярынец. У заяве было згадана, што кандыдаты на пасаду прэзідэнта мусяць мець роўныя ўмовы для агітацыі. Але спадарыні Севярынец патэлефанаваў намеснік камандзіра часткі, зачытаўшы рашэнне з адмовай… У Дзень паветрана-дэсантных войскаў былыя дэсантнікі самі прыйшлі на перадвыбарчы пікет і сталі пад бел-чырвона-белыя сцягі. Імпрэза праходзіла ў загарадным парку Мазурына, на яе сабраліся больш за 500 чалавек.

Беларускае  Радыё Рацыя, Віцебск