Віцебскія суды: „Несанкцыянаваны мітынг пад выглядам збору подпісаў”



Суд Кастрычніцкага раёна Віцебска пастанавіў пакараць 10-суткавым арыштам Аляксандра Якушкова.

“Браў удзел у несанкцыянаваным мітынгу, які праходзіў пад выглядам збору подпісаў 31-га траўня,” – так кваліфікаваў дзеянні актывіста суддзя Андрэй Царыкаў. Судовы працэс праходзіў праз Skype, бо спадар Якушкоў з учорашняга дня затрыманы і знаходзіцца пад вартай.

Гэта з’яўляецца парушэннем ягонага права на абарону, і праводзіць суды онлайн можна толькі са згоды пасуднага, лічыць праваабаронца Павел Левінаў:

-Не зразумела, якім чынам чалавеку заключыць дамову з адвакатам, знаходзячыся ў ізалятары часовага ўтрымання. Учора гэтаксама анлайн судзілі Аляксандра Мацеюка, паводле тых самых падзеяў. Суд даў яму 650 хвілінаў на тое, каб, не пакідаючы ІЧУ, заключыць дамову з абаронцам! А потым кажуць, што гэта праблемы самога чалавека, хаця чалавек не меў фізічнай магчымасці нешта зрабіць, бо знаходзіўся пад вартай.

Аляксандру Мацеюку прысудзілі 7 сутак арышту. Але, нягледзячы на тое, што падсудных з ізалятару не прывозяць, сябры і аднадумцы збіраюцца падтрымаць іх у судах. Бо гэта важна, кажа блогерка Алена Янушкоўская:

– Падтрымка проста неабходная, гэта наша салідарнасць. Я імкнуся быць на ўсіх судах – і як грамадзянка, і як блогер. Каб данесці да людзей праўду пра тое, што ў гэтых судах адбываецца. Тыя, хто паглядзіць гэтыя відэа, таксама стануць сведкамі таго, што робіцца ў гэтых судах!

Заўтра ў судзе Чыгуначнага раёну пройдзе суд над каардынатаркай БХД Таццянай Севярынец. Яе таксама вінавацяць за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу: віцебская міліцыя лічыць, што выказванне ўласных меркаванняў пра бягучыя падзеі не датычыцца вызначэння кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск