Візіт еўракамісара Ёханэса Хана ў Менск перанесены



Візіт у Беларусь камісара ЕP па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах пра пашырэнне Ёханэса Хана адменены, паведамілі БелаПАН у прадстаўніцтве Еўразвяза ў Менску.

„На жаль, камісар па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах пра пашырэнне Ёханэс Хан не здолее наведаць Менск у аўторак, 17 кастрычніка, як было запланаванае, у сувязі з нечаканымі, але вельмі важнымі сустрэчамі па падрыхтоўцы пасяджэння Еўрапейскага савета”, — адзначылі ў прадстаўніцтве ЕЗ .

Чарговае пасяджэнне Еўрапейскага савета пройдзе 19-20 кастрычніка ў Бруселі.

Прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Дзмітрый Мірончык удакладніў БелаПАН, што візіт еўракамісара Хана перанесены. Паводле яго слоў, МЗС атрымала адпаведнае паведамленне з Езразвяза. „Мы шкадуем, што візіт перанесены. Беларускі бок зацікаўлены ў працягу развіцця супрацы з Еўразвязам”, — дадаў Мірончык.

Як паведамлялася раней, падчас візіту планаваліся сустрэчы Хана з Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, прадстаўнікамі апазіцыі, праваабарончага аб’яднання „Беларускі Хельсінкскі камітэт” і ўдзельнікамі праекта „МОСТ” (праект ЕЗ па арганізацыі стажыровак і абменаў для беларускіх і еўрапейскіх спецыялістаў).

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, чакалася, што еўракамісар прывязе афіцыйнае запрашэнне для Беларусі на ўдзел у саміце Усходняга партнёрства.

Прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Мая Качыянчыч на мінулым тыдні паведаміла БелаПАН, што запрашэнні для ўсіх шасці краін — удзельніц Усходняга партнёрства (Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна) былі падпісаныя старшынёй Еўразвяза Дональдам Тускам, кіраўніком Еўракамісіі Жан-Клодам Юнкерам і прэм’ер-міністрам Эстоніі, якая старшынюе ў ЕЗ, Юры Ратасам. Качыянчыч удакладніла, што Беларусь запрошаная на саміт на такіх жа ўмовах, як і ўсе астатнія ўдзельнікі Усходняга партнёрства. „Хто будзе удзельнічаць ад Беларусі ў саміце, вырашае Менск”, — дадала яна.

Саміт УП у Бруселі можа стаць першым, у якім возьме ўдзел Аляксандр Лукашэнка. На пяці папярэдніх самітах Беларусь прадстаўлялі чыноўнікі рознага ўзроўню. На апошняй сустрэчы ў Рызе ў 2015 годзе дэлегацыю ўзначаліў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

БелаПАН