Візіт кіраўніка МЗС Польшчы ў Беларусь адменены



Візіт польскай дэлегацыі на чале з намеснікам міністра замежных спраў Конрадам Паўлікам ў Беларусь адменены. Візіт павінен быў адбыцца з 10 па 13 лістапада. У беларускім МЗС сцвярджаюць, што прычыны не носяць палітычны характар.

«Мы былі гатовыя прыняць польскую дэлегацыю. З беларускага боку маецца зацікаўленасць у выбудоўванні добрасуседскіх адносін з Польшчай, як у двухбаковым кантэксце, так і па лініі ўзаемадзеяння „Беларусь – ЕЗ”. Візіт у гэтыя тэрміны не адбыўся па абставінах, якія не маюць палітычнага характару», – заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык. Ён пакінуў без адказу пытанне пра тое, якія менавіта абставіны выклікалі адмену візіту.

У пасольстве Польшчы ў Менску пацвердзілі, што візіт адменены, аднак не сталі ўдакладняць, чаму і па чыёй ініцыятыве. Каментар польскага боку, дадалі ў пасольстве, можа быць агучаны сёння ў другой палове дня.

Візіт анансаваў МЗС Беларусі, а таксама сайты Магілёўскага абл- і гарвыканкамаў.

У склад дэлегацыі з Польшчы павінны былі ўвайсці прадстаўнікі дзяржорганаў, органаў мясцовага самакіравання, а таксама дзелавых колаў. Конрад Паўлік павінен быў правесці кансультацыі ў МЗС Беларусі, у тым ліку, з намеснікам міністра замежных спраў Аленай Купчыной, паведамляе tut.by.

Планавалася, што 11 лістапада члены польскай дэлегацыі возьмуць удзел у працы выставы «Прадэкспа», а таксама семінараў «Беларуска-польскае супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі і харчавання» ў Менску. На 12 лістапада быў намечаны візіт у Магілёў, дзе польская дэлегацыя павінна была сустрэцца з кіраўніцтвам Магілёўскай вобласці і прыняць удзел у працы Беларуска-польскага рэгіянальнага бізнес-форуму, а таксама мерапрыемствах Тыдня польскага кіно.