Візіт Лукашэнкі ў Латвію можа адбыцца 3 красавіка



Візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Латвію можа адбыцца 3 красавіка. Пра гэта стала вядома падчас яго сустрэчы 16 студзеня ў Менску з прэм’ер-міністрам Латвіі Крыш’янісам Карыньшам.

„Вядзецца шмат падрыхтоўчай працы па арганізацыі вашага візіту ў Латвію. З нашага боку можа быць дата 3 красавіка. Калі, вядома, гэта зручна таксама і вашаму боку, то мы будзем вельмі рады бачыць вас”, — цытуе латвійскага прэм’ера прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

Карыньш разлічвае, што ў беларускую дэлегацыю таксама ўвойдуць прадстаўнікі бізнес-супольнасці, каб бакі змаглі абмеркаваць не толькі палітычнае, але і эканамічнае супрацоўніцтва.

Паводле яго слоў, Латвія зацікаўлена развіваць добрыя адносіны з Беларуссю. „Для нас важна бачыць незалежную, стабільную і квітнеючую Беларусь”, — заявіў прэм’ер-міністр.

Лукашэнка адзначыў, што беларускі бок сур’ёзна рыхтуецца да яго візіту ў Латвію. „Дзякуй усім вам і вашым калегам за запрашэнне наведаць гэту дружалюбную нам краіну. Ваш візіт у Мінск я разглядаю як сур’ёзны этап падрыхтоўкі дамоўленасцяў, якія могуць быць канчаткова зацверджаны падчас майго прыезду ў Рыгу”, — сказаў афіцыйны беларускі лідар.

Ён прапанаваў „сур’ёзна пашырыць супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Латвіяй”. Лукашэнка падкрэсліў, што яшчэ ў часы Савецкага Саюза эканамічныя сувязі дзвюх краін былі вельмі моцнымі, „аднак многае страчана за апошнія гады”. „Мне сапраўды прыемна бачыць вас з вашымі калегамі ў Мінску. Вельмі спадзяюся, што для вас гэта не чужы горад, дакладна так, як для мяне сталіца нашай сяброўскай Латвіі. Як бы там ні было, што б мы ні казалі ці хтосьці, усё ж такі мы былі часткай некалі вялікай краіны. У нас былі не проста сяброўскія, а блізкія адносіны. Нашы эканамічныя сувязі былі вельмі моцныя, — адзначыў ён. — Многае мы згубілі за апошнія гады. Але важна не столькі глядзець назад, колькі звяртаць сваю ўвагу і погляд наперад. І ў гэтым плане намецілася шмат кірункаў супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Латвіяй”.

„У адрозненне ад іншых балтыйскіх дзяржаў, фон добры супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі. Я мяркую, што нам трэба скарыстацца гэтым момантам і сур’ёзна пашырыць наша супрацоўніцтва. Тым больш што ад яго пашырэння мы бачым вялікую выгаду (калі казаць пра эканоміку) як для Латвіі, так і для Беларусі”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён заявіў пра гатоўнасць адказаць на любыя пытанні і прапанаваў прэм’ер-міністру адкрыта абмеркаваць усе тэмы, якія цікавяць. „Трэба абмеркаваць усе пытанні, каб мы дакладна, шчыра, адкрыта ішлі на супрацоўніцтва адзін з адным. Каб потым не папракаць адзін аднаго і не пераадольваць бар’еры, якія мы можам стварыць у выпадку, калі мы не дамовімся, не абмяркуем тыя ці іншыя праблемы сёння”, — сказаў Лукашэнка.

belapan.by