Візіт Лукашэнкі ў Вену – дыпламатычны промах



Беларускія афіцыйныя прапагандысты называюць візіт прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Аўстрыю «гістарычным», а яго размову на бізнес-форуме «яркай». Незалежныя эксперты сцвярджаюць, што гаворка была скандальнай, а сам візіт чыста сімвалічным. На думку аналітыкаў, візіт паказаў, што Менск і Брусель вычарпалі магчымы парадак дня, піша «Незалежная газета».

Лукашэнка, адыходзячы ад падрыхтаванага тэксту, крытыкаваў дэмакратыю, хваліў дыктатуру і лаяў еўрапейскую бюракратыю. Выходзячы далёка за межы дыпламатычнага пратакола, ён прызнаўся, што падчас візіту папярэдзіў ужо не толькі аўстрыйскіх, але і іншых еўрапейскіх палітыкаў аб тых пагрозах, якія тоіць у сабе дэмакратыя. «Глядзіце, каб вам з часам не прыйшлося вучыцца дэмакратыі ў Беларусі», – сказаў ён, маючы на ўвазе міграцыйную палітыку ЕЗ.

Запрашаючы аўстрыйскі бізнес у краіну, Лукашэнка палохаў патэнцыйных інвестараў «месцамі не гэтак аддаленымі», калі яны паспрабуюць у Беларусі даваць хабары.

Палітолаг Валерый Карбалевіч нагадаў, што прэзідэнт Аўстрыі, з якім сустрэўся Лукашэнка, мае мізэрныя паўнамоцтвы. Рэальнай уладай валодае федэральны канцлер, аднак цяпер у Аўстрыі ёсць толькі часовы ўрад і выканаўца абавязкаў канцлера, а яны не маюць паўнамоцтваў прымаць нейкія важныя рашэнні. У гэтай сітуацыі візіт Лукашэнкі ў Вену зусім не «трыумф», а дыпламатычны промах, мяркуе палітолаг.

Беларускае Радыё Рацыя