Візіт Магерыні ў Беларусь адкладзены



Візіт вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыкі Магерыні ў Беларусь адкладзены з-за зменаў у графіках шэрагу ўдзельнікаў мерапрыемства высокага ўзроўню „Будучыня Усходняга партнёрства”, паведамілі БелаПАН у прэс-службе ЕЗ.

„Візіт вярхоўнага прадстаўніка ў Беларусь, як і мерапрыемства высокага ўзроўню ў рамках Усходняга партнёрства, адкладзеныя ў сувязі са зменамі ў графіках шэрагу ўдзельнікаў і па выніках кантактаў з бокам, які прымае”, — адзначыў супрацоўнік прэс-службы.

У якія тэрміны можа адбыцца адкладзены візіт, ён не ўдакладніў.

Чакалася, што Магерыні наведае Беларусь 4—5 кастрычніка. Сайт Еўракамісіі паведамляў, што 4 кастрычніка Магерыні і прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас падчас рабочага абеду планавалі абмеркаваць праграмны дакумент „20 дасягненняў да 2020 года”, прыняты на пятым саміце Усходняга партнёрства ў 2017 годзе ў Рызе. 5 кастрычніка Магерыні павінна была ўзяць удзел у мерапрыемстве высокага ўзроўню „Будучыня Усходняга партнёрства”, а таксама сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам, прадстаўнікамі ўрада, апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.

2 кастрычніка ў шэрагу СМІ прайшла інфармацыя пра тое, што міністр замежных спраў Польшчы Яцак Чапутовіч адмяніў свой візіт у Менск з-за ўдзелу ў пахаванні Карнэля Маравецкага — бацькі цяперашняга прэм’ер-міністра Польшчы Матэуша Маравецкага, ветэрана антыкамуністычнага руху, які памёр 30 верасня.

Кастрычнік — гэта апошні месяц, калі Федэрыка Магерыні займае пасаду кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі. У нядаўнім інтэрв’ю БелаПАН кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Дзірк Шубель адзначыў: „Пачынаючы працу на гэтай пасадзе, Магерыні заявіла пра намер да канца свайго мандата наведаць усе шэсць краін Усходняга партнёрства. Яна пабывала ў чатырох з іх, але яшчэ не наведвала Малдову і Беларусь. Магерыні сказала, што зробіць гэта да заканчэння сваіх паўнамоцтваў”.

Фота: ЕЗ