Візіт Папы Рымскага ў Беларусь пакуль не абмяркоўваецца



Дзяржсакратар Ватыкана П’етра Паралін не выключае, што яго прыезд у Беларусь можа папярэднічаць візіту Папы Рымскага – Францішка. Праўда, для гэтага павінны скласціся спрыяльныя ўмовы. Пра гэта кардынал заявіў у інтэрв’ю тэлеканалу „Беларусь 1” пасля цырымоніі асвячэння вуглавога камяня будынку Апостальскай нунцыятуры ў Менску.

Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі распавядаючы журналістам падрабязнасці сваёй сустрэчы з дзяржаўным сакратаром Ватыкана адзначыў, што магчымы візіт папы Рымскага не абмяркоўваўся.

„Паколькі гэты візіт праходзіць на ўзроўні дзяржаўным, то з нашага боку візіту ў адказ не прадугледжваецца”, – адзначыў мітрапаліт Павел:

– Мы не абмяркоўвалі і пакуль такое пытанне не стаіць. Паколькі гэты візіт праходзіў на дзяржаўным ўзроўні, таму візіту ў адказ з нашага боку не прадугледжваецца. Калі б мы іх запрашалі, тады б напэўна мы паставілі пытанне пра візіт у адказ, а паколькі гэта быў візіт на дзяржаўным узроўні, то дзяржаўныя лідары магчыма абмяркоўвалі, я пакуль не ведаю.

У Менску дзяржсакратар Ватыкана правёў сустрэчы з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, прэм’ер-міністрам Андрэем Кабяковым, міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем.

belapan.by