Візіт у Азербайджан: у пошуках аднадумцаў і легітымнасці
Аляксандр Лукашэнка прыляцеў у Азербайджан. Асноўная частка перамоваў чакаецца ў сераду.
На фота: Лукашэнка і Аліеў падчас нефармальнай сустрэчы, t.me/pul_1
Сустрэча Лукашэнкі і Аліева пройдзе ў вузкім і пашыраным саставах з удзелам дэлегацый. Варта заўважыць, што пасля выбараў 2020 года гэта толькі другая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком іншай дзяржавы. Раней ён сустракаўся з расейскім лідарам – Уладзімірам Пуціным.
Пра матывы гэтага візіту палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі выказаўся ў нашым эфіры:
– Цяпер у Аляксандра Лукашэнкі вялікія праблемы з візітамі. Дарэчы, гэта неяк знянацку, не было папярэдніх паведамленняў. Магчыма, звышзадачай было паказаць, што няма ніякай ізаляцыі, што працягваюцца міжнародныя кантакты. Хоць мы разумеем, канешне, што гэта кантакты толькі з рэжымамі могуць быць цяпер, якія блізкія па духу, роднасныя, то бок аўтарытарныя рэжымы. Што Аліеў, што Лукашэнка – гэта два кіраўнікі, якія сваімі краінамі кіруюць вельмі жорсткімі аўтарытарнымі метадамі. І яны будуць у гэтым плане на адной мове размаўляць.
РР: Ці візіта ў Баку будзе дастаткова, каб можна было заяўляць, што Лукашэнка афіцыйна прызнаны кіраўнік Беларусі?
Аляксандр Класкоўскі: Натуральна, што гэта даволі няўклюдныя прапагандысцкія спробы падмацаваць неяк легітымнасць “правадыра рэжыму”. Але гэта вельмі цяжка, бо Еўропа не прызнала Лукашэнку, ЗША не прызналі таксама. Дэмакратычны перадавы свет не ўважае Лукашэнку за пераможцу леташніх выбараў.
РР: Пра што, на вашую думку, будзе размаўляць Лукашэнка з Аліевым?
Аляксандр Класкоўскі: Грошы патрэбныя, і Аліеў яму дапамагаў у свой час. Але зараз у Азербайджана свае праблемы. Толькі што скончылася вайна за Карабах. І вялікія былі выдаткі і будуць яшчэ, бо Азербайджан наважыўся аднаўляць інфраструктуру Нагорнага Карабаха. І Аліеў не зможа даць такія сумы, якія б задаволілі Лукашэнку. Але нейкія перамовы на гэты конт, напэўна, будуць ісці. І па іншых кірунках таксама. Менск прадае нейкую прадукцыю машынабудавання, і асобна трэба вылучыць вайскова-тэхнічную супрацу.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: https://t.me/pul_1