Візіт у Расею кіраўнічкі аўстрыйскага МЗС адменены
Кіраўнічка аўстрыйскага МЗС Карын Кнайсль адмяніла візіт у Расею. Прычынай таму затрыманне адстаўнога аўстрыйскага вайскоўца па падазрэнні ў працы на расейскую выведку.
Пра гэта паведаміў канцлер Аўстрыі Себасцян Курц.
Кнайсль мелася прыехаць у Маскву ў пачатку снежня.
Карын Кнайсль ведамая сваім танцам з Уладзімірам Пуціным, якога яна запрасіла на сваё вяселле.
Міністэрства абароны Аўстрыі разаблачыла 70-гадовага палкоўніка арміі ў адстаўцы, падазраванага ў шпіянажы на карысць Расеі, паведаміла газета Krone Zeitung.
Прадстаўнік міністэрства Міхаэль Баўэр пацвердзіў гэтую інфармацыю.
Адстаўны вайсковец, імя якога пакуль не называецца, пачаў працаваць на расейскую ваенную выведку ў 1990-ых гадах і за гэты час атрымаў узнагароджанне каля 300 тысяч еўра, паведаміла Krone Zeitung. Паводле інфармацыі газеты, Аўстрыя змагла затрымаць шпіёна дзякуючы дапамозе „сяброўскай” замежнай спецслужбы. У час затрымання ў яго забралі ноўтбук, які зараз вывучаюць эксперты. У дачыненні да былога палкоўніка пачатая справа па артыкуле 319 Крымінальнага кодэксу Аўстрыі (а менавіта – ваенная выведвальная служба ў інтарэсах замежнай дзяржавы), максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу – два гады турмы.
Падазраваны ў шпіянажы займаў „непрыкметны пост” у штабе аўстрыйскай арміі, паведамляе Krone Zeitung. Кожныя два тыдні ён выходзіў на сувязь з сваім куратарам з Расеі па імені Юрый.
У зашыфраваных лістах ці па спадарожнікавай сувязі палкоўнік перадаваў інфармацыю пра ваенную авіяцыю і артылерыйскія сістэмы Аўстрыі, а таксама пра сітуацыю з мігрантамі ў краіне. Акрамя гэтага, ён сабраў падрабязныя дасье на многіх высокапастаўленых афіцэраў.
У 2006 годзе палкоўнік спрабаваў адмовіцца ад далейшай агентурнай дзейнасці, але расейская выведка пераканала яго працягнуць працу. Калі ў Расеі даведаліся, што шпіёна, верагодна, раскрылі, яму загадалі знішчыць усе матэрыялы. Падазраванага затрымалі да таго, як ён паспеў гэта зрабіць.
Беларускае Радыё Рацыя