Візіт Вітальда Вашчыкоўскага ў Беларусь: дзень першы (абноўлена)
Міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі знаходзіцца з двухдзённым візітам у Беларусі.
***
Вітальд Вашчыкоўскі сустрэўся з прадстаўнікамі апазіцыйных палітычных партый і пазаўрадавых грамадскіх аб’яднанняў. Размова была прысвечана сітуацыі з правамі чалавека, незалежным медыям, а таксама палітычнай дзейнасці ва ўмовах аўтарытарызму.
Таксама міністр Вітальд Вашчыкоўскі пракаментаваў прысуд для Надзеі Саўчанка – украінскай ваеннаслужачай, якая паводле рашэння суда ў Данецку Растоўскай вобласці атрымала 22 гады зняволення. Як зазначыў Вітальд Вашчыкоўскі, здзяйсняючы падобныя захады расейскія ўлады набліжаюцца да сумнапамятных часоў сталінскіх рэпрэсій:
— Гэта такі тэрарызм супраць гуманізму, бо гэтая такая справа, якая ўвогуле не павінна разглядацца, не павінна было дайсці да нападу Расеі на Украіну, да выкрадання людзей і да падобнага судовага працэсу. Мы абмяркоўвалі гэтую тэму у коле міністраў замежных спраў Еўразвязу і мы упаўнаважылі спадарыню Магерыні, што калі яна паедзе ў Маскву мае ўзняць гэтае пытанне і патрабаваць вызвалення Надзеі Саўчанкі.
У абарону Надзеі Саўчанка ўжо выступілі праваабарончыя арганізацыі, такія прыкладам, як „Хьюман Райтс Вотч”. Праваабаронцы адзначаюць, што суд не прыняў да ўвагі шэраг істотных доказаў невіноўнасьці грамадзянкі Украіны і парушыў яе канстытуцыйныя правы.
Вялікая ўвага надавалася і самому факту візіту міністра замежных спраў Польшчы, які на думку сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца мае ўсе шансы, каб стаць гістарычным:
— Відавочна, што абодва бакі: і афіцыйны Менск і Польшча, хочуць пачаць гісторыю з чыстага аркуша. Польская нота, якая ўжо прагучала, гэта візіт у Курапаты, а сказ пра тое, што нас аб’ядноўвае тое, што мы пацярпелі ад адной і той жа імперыі, задае пэўны тон. У Менска цяпер ёсць усе магчымасці падхапіць гэты тон. Калі ён гэтага не зробіць, дык, на мой погляд, страціць гістарычны шанец. А што тычыцца беларускага грамадства, дык яно ўжо даўно настроенае на такую супрацу з Польшчай, з Еўразвязам.
Аляксандр Мілінкевіч, рух «За Свабоду»:
— Я не ведаю іншых спосабаў Еўропе і Польшчы ў тым ліку, уплываць на Беларусь акрамя дыялогу. Санкцыі гэта пазіцыя, маральная пазіцыя, але як інструмент яны не проста неэфектыўныя, яны нават працуюць у горшы бок, бо тады менш праеўрапейскіх настрояў, менш уплыву дэмакратычнай апазіцыі і ў людзей менш веры, што за Еўропай можна некалі пайсці. Я за дыялог, але за дыялог з умовамі і крытычны, бо ёсць праблемы і Вашчыкоўскі ўжо казаў, што ёсць праблемы з правамі чалавека, з дэмакратыяй, з выбарамі, з Саюзам палякаў, але я лічу, што менавіта дыялог можа паступова іх вырашаць. Не таму што Лукашэнка захоча стаць дэмакратам, ён не стане ім ніколі, ён савецкі чалавек, але для грамадства адкрыццё на Еўропу, перш за ўсё на Польшчу, гэта вельмі важна.
РР: На ваш погляд ці магчымае на сённяшні дзень, у сённяшніх умовах паляпшэнне эканамічных дачыненняў, і ў якім накірунку эканамічная супраца, на ваш погляд, павінна рухацца?
— У час крызісу бывае так што наладжваць супрацу становіцца цяжэй, але часам і лягчэй: есць розныя галіны эканомікі і розныя сітуацыі. Я знаю, што ў Польшчы не самы кепскі настрой адносна інвестыцыяў у Беларусь і супрацы. Я ведаю польскія фірмы, якія кажуць, што ў параўнанні з Расеяй і Украінай тут працаваць значна прасцей, бо менш карупцыі і больш стабільнасці. Але ўсё гэта робіцца з часам. Увогуле, імідж краіны і імідж эканамічнай сітуацыі, эканамічных умоваў гэта паступовы працэс. Трэба многае зрабіць, каб так было. Дарэчы, і палітычная сітуацыя многае значыць, калі ўвесь час кажацца, што ў Беларусі аўтарытарны і жорсткі рэжым, што ў Беларусі пераследуюць апазіцыю, дык і эканамічную супрацу цяжэй наладжваць. Я хацеў бы, каб беларускія ўлады гэта разумелі.
Вітальд Вашчыкоўскі ў час сустрэчы з прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасці выказаў спадзеў на тое, што Польшча дапаможа Беларусі абраць цывілізаваны шлях развіцця і паспрыяе паляпшэнню іміджу Беларусі пры ўмове, што Беларусь будзе прытрымлівацца міжнародных стандартаў дэмакратыі.
* * *
Незалежныя медыя такія, як “Беларускае Радыё Рацыя” і тэлебачанне “Белсат”, маюць поўнае права на існаванне ў Беларусі.
Пра гэта паведаміў міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі падчас афіцыйнага візіта ў Беларусь. Тое, што ўлады пераследуюць журналістаў і пазбаўляюць іх магымасці легальна ажыццяўляць сваю дзейнасць не з’яўляецца паказчыкам прыхільнасці дэмакратычным прынцыпам.
Вітальд Вашчыкоўскі мае намер падчас сустрэчаў з высокапастаўленымі беларускімі чыноўнікамі агучыць гэтае пытанне:
– Мы б хацелі, каб усе медыя ў Беларусі працавалі на роўных умовах. Пачну такую размову, бо ніводнае медыя не шкодзіць, медыя інфармуюць. Як інфармацыя выкарыстоўваецца – гэта ўжо не залежыць ад медыя, а ад палітыкаў.
На працягу доўгага часу “Беларускае Радыё Рацыя” і тэлебачанне “Белсат”, якія фінансуюцца польскай дзяржавай, не могуць атрымаць акрэдытацыю ў міністэрстве замежных спраў Беларусі. У сувязі з гэтым журналісты, якія супрацоўнічаюць з незалежнымі сродкамі масавай інфармацыі, пераследуюцца супрацоўнікамі міліцыі і Камітэтам дзяржаўнай бяспекі.
* * *
Пытанне легалізацыі Саюза палякаў стане адной з галоўных тэмаў падчас сустрэчы міністра замежных справаў Польшчы з кіраўніцтвам Беларусі. Ажыццяўляючы свой афіцыйны двухдзённы візіт кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Польшчы мае намер агучыць тыя праблемы, якія паўстаюць перад польскай меншасцю.
На думку Вітальда Вашчыкоўскага, прыйшоў час на канструктыўны дыялог у гэтым пытанні:
– Без імкнення вырашыць гэтае пытанне не мела сэнсу прыязджаць у Беларусь. І гэта відавочна. Ці атрымаецца вырашыць гэтую праблему зараз – гэта ўжо іншае пытанне.
Саюз палякаў на Беларусі з 2005 года дзейнічае ва ўмовах нелегальнасці. Беларускія ўлады доўгі час не жадаюць прызнаваць вынікі з’езда, на якім старшынёй арганізацыі была абраная Анжаліка Борыс. Двухбаковыя сустрэчы да гэтага часу не прынеслі плёну, у выніку чаго на Беларусі дзейнічае два Саюзы палякаў – праўладны і незалежны.
* * *
Польшча зацікаўлена ў сучаснай суседняй Беларусі ва ўсіх сэнсах.
Пра гэта міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі паведаміў падчас сумеснага брыфінгу з Уладзімірам Макеем у Менску.
– Я прыехаў сюды, каб правесці практычныя, канкрэтныя перамовы і не ставіць умовы для правядзення дыялогу. Тым не менш, я прадстаўляю ўрад, чые ідэі бяруць вытокі з магутнага руху „Салідарнасць”, таму пытанні захавання правоў чалавека для нас – вельмі важныя.
– Мы, як суседзі Беларусі, гатовыя дапамагаць ва ўсіх практычных аспектах пабудовы сучаснага, функцыянуючай краіны, якая добра арганізавана, якая перадусім таксама бяспечная і незалежная.
На перамовах кіраўнікоў польскай і беларускай дыпламатый абмярковаўліся становішча польскай меншасці, мадэрнізацыя памежнай інфраструктуры, магчымасці зніжэння візавых збораў, а таксама пытанні эканамічнай супрацы.
(Фота mfa.gov.by)
Візіт у Беларусь кіраўніка МЗС Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага створыць добрыя перадумовы для адчувальнага ўмацавання даверу ў адносінах дзвюх краін. Такое меркаванне выказаў сёння міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей на сустрэчы ў Менску са сваім польскім калегам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
[Not a valid template]
(Фота belapan.com)
Падчас візіту чакаюцца яго перамовы з кіраўніком беларускага МЗС Уладзімірам Макеем. Вашчыкоўскі ўжо наведаў Курапаты, таксама наведае Гародню і радзіму сваёй маці — Ваўкавыск.
Кіраўнік польскай дыпламатыі наведаў візавы цэнтр «Галілея». З Менску паведамляе Ян Роман:
— Міністр замежных справаў Вітальд Вашчыкоўскі наведаў візавы цэнтр Рэспублікі Польшча, які нядаўна адкрыўся ў Менску. Пазнаёміўшыся з працай цэнтру ён зазначыў, што такія цэнтры будуць і надалей паўставаць у Беларусі, што палегчыць атрыманне польскіх візаў жыхарамі Рэспублікі Беларусь. Што датычыць коштаў, то Вітальд Вашчыкоўскі адзначыў, што яны маглі быць і меншымі, калі б беларускі бок дазволіў большай колькасці консулаў працаваць у краіне. На сённяшні дзень, як вядома, існуе забарона на павелічэнне колькаснага складу дыпламатычных пляцовак Рэспублікі Польшча на тэрыторыі Беларусі. Азнаёміўшыся з візавым цэнтрам міністр таксама застаўся задаволены тым, што кожны дзень больш за 500 чалавек маюць магчымасць аформіць візавыя анкеты ў добрых умовах. Такія візавыя цэнтры на сённяшні дзень паўсталі ў 8-мі гарадах Беларусі і, як зазначыў Вітальд Вашчыкоўскі, гэта добрая тэндэнцыя, якая павінна працягвацца надалей.
[Not a valid template]
Кіраўнік польскага МЗС паабяцаў згадаць у размове з уладамі Беларусі – палітычныя, культурныя пытанні, праблемы Саюза палякаў і акрэдытацыі для замежных СМІ ў Беларусі. Паведамляе наш карэспандэнт Ян Роман:
— Наведваючы Курапаты, міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі адзначыў, што гэтае месца сімвалічнае як для польскага, так і для беларускага народа, гэта месца трагічнае, бо тут пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў і не наведаць гэтае месца, прыехаўшы ў Беларусь, ён не мог. Адказваючы на пытанне журналістаў пра мэты візіту ён адзначыў, што цягам двух дзён будзе размаўляць з прадстаўнікамі беларускай улады і абмяркоўваць пытанні датычныя эканомікі, супрацы паміж краінамі, і што ўвага будзе засяроджана на пытаннях павелічэння колькасці консулаў, якія працуюць у дыпламатычных пляцоўках Рэспублікі Польшча ў Беларусі.
Таксама адказваючы на пытанне пра працу незалежных СМІ ў Беларусі ён адзначыў, што мяркуе падняць гэтае пытанне на сустрэчы з высокапастаўленымі беларускімі чыноўнікамі.
На пытанне пра легалізацыю Саюза палякаў міністр адказаў, што адна з галоўных мэтаў візіту — разгляд сітуацыі, якая на сённяшні дзень склалася з польскай меншасцю ў Беларусі.
Міністр замежных спраў Польшчы адзначыў у Курапатах у час ушанавання польскіх ахвяраў, што з беларускімі ўладамі будзе размаўляць пра ўсё, на што дазволіць час.
[Not a valid template]
Апошні раз кіраўнік польскага МЗС наведваў Беларусь у 2010 годзе — тагачасны міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі прыязджаў з кіраўніком знешнепалітычнага ведамства Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск