Волчак: Інтэрв’ю Гараўскага пацвердзіла высновы грамадскай камісіі
Заява экс-байца спецыяльнага атрада хуткага рэагавання (САХР) Юрыя Гараўскага аб удзеле ў выкраданні апазіцыйных палітыкаў пацвярджае высновы грамадскай камісіі па расследаванні палітычных выкраданняў, паведаміў БелаПАН кіраўнік камісіі праваабаронца Алег Волчак, які прадстаўляе інтарэсы сям’і зніклага экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі.
Юрый Гараўскі ў інтэрв’ю, размешчаным 16 снежня на сайце радыёстанцыі „Нямецкая хваля”, сцвярджае, што браў удзел у выкраданні і забойстве апазіцыйных беларускіх палітыкаў у канцы 1990-х гадоў. У прыватнасці, паводле яго слоў, у выкраданні Юрыя Захаранкі 7 мая 1999 года апрача яго і на той момант камандзіра САХРа Дзмітрыя Паўлічэнкі прымалі ўдзел яшчэ сем чалавек. Апазіцыянера высочвалі на працягу некалькіх тыдняў. Пры выкраданні яму паказалі службовыя дакументы і пасадзілі ў машыну. Паводле слоў Гараўскага, Захаранку не катавалі, не вялі відэаздымку, а адразу адвезлі на вучэбную базу ўнутраных войскаў у раёне Валоўшчыны, дзе яго нібыта застрэліў Паўлічэнка. Затым цела Захаранкі адвезлі ў крэматорый Паўночных могілак Менска і спалілі.
Таксама экс-сахравец сцвярджае, што браў удзел у выкраданні экс-кіраўніка ЦВК Віктара Ганчара і яго сябра, прадпрымальніка Анатоля Красоўскага 16 верасня 1999 года. Паводле слоў Гараўскага, джып Ганчара і Красоўскага, якія вярталіся з лазні, быў заблакаваны дзвюма машынамі з байцамі САХРа, частка з якіх выкрадала Захаранку (усяго ўдзельнічала восем чалавек). Ганчара і Красоўскага выцягнулі з аўтамабіля, рассадзілі па машынах выкрадальнікаў і адвезлі ў ваколіцы Бягомля, дзе знаходзілася закансерваваная ваенная база, на якой размяшчаўся САХР. Паўлічэнка нібыта застрэліў Ганчара і Красоўскага, целы забітых былі закапаныя. Гараўскі адзначыў, што ў Ганчара на стапе не было двух пальцаў. На наступны дзень у ваколіцах базы быў раздушаны і закапаны джып Красоўскага.
Гараўскі сцвярджае, што асобы, якія прымалі ўдзел у выкраданні і забойстве, займаюць высокія пасады. Паводле яго слоў, да знікнення аператара ОРТ Дзмітрыя Завадскага 7 ліпеня 2000 года таксама маглі быць датычныя байцы САХРа.
„У прынцыпе, ён пацвердзіў расследаванне грамадскай камісіі 2001 года, калі мы збіралі прэс-канферэнцыю пасля выступлення Угляніцы і Жарнасека (экс-супрацоўнікі КДБ, якія звярнуліся ў СМІ з падрабязнасцямі выкрадання палітыкаў. — БелаПАН.). Яны тады расказалі пра механізм знішчэння палітычных апанентаў Лукашэнкі. Яны паказалі, што гэта была група ў складзе САХРа, і цяпер экс-сахравец гэта пацвердзіў”, — заявіў БелаПАН Алег Волчак.
Ён адзначыў, што новая інфармацыя таксама не супярэчыць дакладу дэпутата ПАСЕ Хрыстаса Пургурыдэса, які займаўся расследаваннем знікненняў: супадаюць дэталі, час, месца і г.д. Волчак лічыць, што новая інфармацыя можа аднавіць папярэдняе следства, спыненае ў снежні 2018 года.
„Гэта і ёсць падстава, калі ёсць рэальны сведка і ён кажа, што здзейсніў. І каб зняць пляму з дзяржавы, трэба аднавіць папярэдняе следства. Вераць яны ці не вераць, але абавязаныя аднавіць, абавязаныя запатрабаваць ад Еўропы паказанні Гараўскага. Брусель можа падзяліцца інфармацыяй і накіраваць сваіх прадстаўнікоў”, — сказаў праваабаронца.
Ён звярнуў увагу на спіс асоб, якія ўдзельнічалі ў выкраданні, прадэманстраваны Гараўскім, у якім больш за дзясятак чалавек. „Мы яшчэ не ведаем, колькі збегла, ёсць верагоднасць, што цяпер яны пачнуць з’яўляцца па ўсёй Еўропе”, — заявіў Волчак.
Паводле слоў праваабаронцы, у святле новых фактаў могуць быць прыняты якія-небудзь новыя дзеянні разам са сваякамі Захаранкі.
У каментары парталу tut.by Дзмітрый Паўлічэнка назваў заявы Гараўскага аб дачыненні САХРа да выкраданняў „поўным глупствам”.
„Гараўскі адслужыў паўтара года тэрміновай службы, а потым зганьбіў [унутраныя войскі]. Ніякага дачынення да САХРа ён не мае, — заявіў Паўлічэнка. — У нас [у 1998 годзе] адкрыўся штат кантрактнікаў, у яго асаблівага інтэлекту не было, хлопец здаровы, але пэўныя навыкі былі, і ў рукапашным баі, і мы яго ўзялі. Але САХР фарміраваўся ў 1999 годзе. А ён у гэты час, у 1999 годзе, трапіў пад крымінальную адказнасць — займаўся вымаганнем. Яго брала ў распрацоўку Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, затрымліваў „Алмаз” — там усё было сур’ёзна. Таму, калі нейкія падзеі і адбываліся [у 1999 годзе], да якіх САХР не мае дачынення, ён адбываў пакаранне. У КДБ на Гараўскага ёсць дасье. Ён ніякага дачынення да САХРа не мае, ён зганьбіў нашы шэрагі, заняўся злачынным бізнесам — вымаганнем грошай у простых грамадзян, прыкрываючыся, што ён супрацоўнік [МУС]. Мы яго са сваіх шэрагаў выгналі, ён адседзеў тры ці чатыры гады. Сеў ён у 1999 годзе”.