Вольга Абрамава: У парламенце не дадуць стварыць „крытычную масу”



Выбары – 2016. Ці пройдзе нехта з апазіцыі ў парламент? Свой прагноз дае сацыёлаг і філосаф Вольга Абрамава, былая дэпутатка Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га склікання і Палаты прадстаўнікоў узору 90-ых і нулявых гадоў.

– Хутчэй за ўсё са ўсіх, хто пазіцыянуе сябе як апазіцыя, у Палату прадстаўнікоў пройдзе 2-3 чалавекі. Але гэта не істотна. Калі гэтыя людзі ідуць у парламент не для імітацыі дзейнасці, каб крызіс перасядзець, то іх можна толькі пашкадаваць. Гэта можа быць Анісім, гэта можа быць Трусаў, гэта можа быць Караткевіч.

Аднак для зменаў у дзейнасці парламенту патрэбная „крытычная маса” – як мінімум, 10 чалавек, якія здолеюць стварыць дэпутацкую групу і будуць паводзіць сябе рашуча, – зазначае Вольга Абрамава.

 – Тым, хто пройдзе ў Палату, пачаць варта з патрабавання змены рэгламента працы парламента і ўнесці канкрэтныя прапановы па гэтых зменах. Рэгламент – гэта малая канстытуцыя парламента. І тады дэпутатам, якія будуць ініцыяваць змены, не будуць казаць, што парламент – гэта не месца для дыскусіяў.

У цэлым, на думку экспэрта, у сёлетняй выбарчай кампаніі няма драйву, няма ідэяў, няма змястоўных навацыяў.

Стась Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя