Вольга Быкоўская: Ім трэба запужаць людзей, каб яны ні ў чым не ўдзельнічалі



Па Беларусі коціцца хваля пераследу былых чальцоў Руху “За Свабоду” – праваабаронча-асветніцкай арганізацыі, ліквідаванай уладамі ў лістападзе мінулага года. Адбываюцца ператрусы і допыты, падчас якіх у людзей пытаюць пра лідараў Руху, якія знаходзяцца за мяжой.

Сябра рады Руху “За Свабоду”  Вольга Быкоўская лічыць, што гэта робіцца дзеля застрашвання людзей:

 – Мы ведаем як мінімум пра дзевяць гарадоў, дзе прайшлі ператрусы і допыты былых сяброў арганізацыі. Я гэта звязваю з чарговай акцыяй застрашвання грамадска-палітычных актывістаў у Беларусі, якія яшчэ засталіся ў Беларусі. Гэта можа быць звязана і з тым, што Юрась Губарэвіч заняў пасаду ў Аб’яднаным пераходным кабінеце, а таксама з тым, што проста прыйшла чарга для Руху “За Свабоду”, ім трэба запужаць людзей, каб яны дакладна ні ў чым не ўдзельнічалі. 

Адзначым, што лідар Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч цяпер з’яўляецца намеснікам Паўла Латушкі ў Аб’яднаным пераходным кабінеце. Губарэвіч мае адказваць за падрыхтоўку “кадравага рэзерву для Новай Беларусі”. Сам Рух “За Свабоду” быў заснаваны ў 2006 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў адзіным кандыдатам у прэзідэнты ад дэмакратычных сілаў Аляксандрам Мілінкеічам. Улады ліквідавалі арганізацыю год таму, як і шматлікія іншыя незалежныя структуры. 

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле: 

Беларускае Радыё Рацыя