Вольга Быкоўская: Не будзем загадзя адкрываць усе інтрыгі



Рух «За Свабоду» абярэ новага старшыню. 15 снежня ў Менску дэлегаты палітычнай арганізацыі будуць вырашаць, хто далей будзе імі кіраваць, паведаміла прэс-сакратар Вольга Быкоўская.

– Наколькі мне вядома, зараз толькі Юрась Губарэвіч плануе балатавацца, і думаю, што ў яго ёсць вялікі шанцы на перамогу. Але не будзем загадзя адкрываць усе інтрыгі. Пакуль што пра іншых прэтэндэнтаў мне невядома.

Дзеючы старшыня Юрась Губарэвіч дасць справаздачу дзейнасці руху. Таксама будзе зацверджаны фармат удзелу арганізацыі ў бліжэйшых выбарчых кампаніях.

– Адно з галоўных пытанняў канферэнцыі – гэта фармат удзелу ў выбарчых кампаніях. Рух “За Свабоду” будзе вырашаць, каго ён прадставіць на праймерыз перад прэзідэнцкімі выбарамі ад правацэнтрысцкай кааліцыі. А таксама вырашыць пра падтрымку сваіх прадстаўнікоў, якія будуць балатавацца на парламецкіх выбарах.

Нагадаем, што Юрась Губарэвіч старшынём руху «За Свабоду» стаў у 2016 годзе, змяніўшы на гэтай пасадзе Аляксандра Мілінкевіча, які кіраваў арганізацыяй з 2007 года.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя