Вольга Карач: Калі пратэст пойдзе па ўсіх гарадах, Лукашэнка ўладу не ўтрымае



«Не так важна, колькі прыйшло на мітынг Святланы Ціханоўскай на Бангалор – 20 ці 60 тысяч чалавек, важна, што да пратэстнага руху далучаюцца ўсё больш і больш людзей у рэгіёнах», – каментуе апошнія падзеі прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі палітычны эксперт Вольга Карач.

– Я б звярнула ўвагу менавіта на тое, што масава збіраюцца людзі ў маленькіх гарадах і вёсачках, куды прыязджае Святлана Ціханоўская.  І не толькі ў маленькіх, але і ў Віцебску, Гомелі, Бабруйску… І вось гэта зусім незвычайная з’ява. Калі казаць пра ўсе прэзідэнцкія кампаніі, якія адбываліся, звычайна што было? Менск пратэстуе – усе астатнія гарады маральна падтрымліваюць. А зараз бачна, што ўся Беларусь паднялася. І гэтая пратэстная хваля ідзе і нарастае.

Па словах Вольгі Карач, пратэстны рух узрастае нават нягледзячы на запужванні Аляксандра Лукашэнкі і кадры з трэніровак па разгонах масавых пратэстаў з дзяржаўных тэлеканалаў. Са слоў эксперта, пасля апошніх падзей падаецца вельмі верагодным, што людзі выйдуць на вуліцы, каб бараніць свой голас на гэтых выбарах:

– Пратэст ідзе на ўсіх роўнях. І тое, што людзі будуць патрабаваць такога сумленнага падліку галасоў – гэта таксама зразумела. І будзе ісці гэтая хваля ўсюды. Як будуць рэагаваць сілавікі, невядома. Але, я думаю, што калі пратэст пойдзе па ўсіх гарадах, то Лукашэнка проста ўладу не ўтрымае.

Як дадае Вольга Карач, тое, што Лукашэнка пры справядлівым падліку галасоў бадай што ўпершыню прайграе сваім апанентам – гэта адна з адметнасцяў бягучай выбарчай кампаніі. І таму нават сам Лукашэнка не мае ўпэўненасці ў тым, як будуць развівацца падзеі ў Беларусі пасля 9 жніўня.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: rosbalt.ru