Вольга Карач не будзе змагацца за прэзідэнцкае крэсла (абноўлена)



Кіраўнік кампаніі “Наш дом” Вольга Карач не будзе балатавацца ў прэзідэнты, і з гэтай нагоды ўжо зроблена адпаведная заява. Спадарыня Карач прыйшла да высновы, што выбары стануць толькі «тэхнічным момантам» і сур’ёзна да іх людзі ставіцца не будуць.

Практычна ў гэты ж час і рух «За Свабоду» абвясціў, што не будзе вылучаць свайго кандыдата ў прэзідэнты і не стане падтрымліваць іншых кандыдатаў. Назіраецца ўжо нейкая тэндэнцыя?

Валерый Карбалевіч: Такія адмовы грунтуюцца ў першую чаргу на двух чынніках. Першы – у Беларусі няма дэмакратычных выбараў. Другі – апазіцыя не верыць у свае шанцы. Не верыць, што падчас выбараў зможа калі не перамагчы (пра перамогу ўжо казаць не варта), то хаця б умацаваць пазіцыі і заявіць пра сябе. Відаць, яны лічаць, што грамадская сітуацыя абсалютна не дазволіць ажыццявіць гэтыя шанцы. Таму некаторыя і адмаўляюцца ад удзелу ў кампаніі.

РР: На ваш погляд, як у такой безвыходнай сітуацыі апазіцыі можна захаваць свой твар?

Валерый Карбалевіч: Трэба вылучаць кандыдатаў і ўдзельнічаць у выбарах. Пажадана, каб гэта быў адзіны кандыдат, таму што на двух можа не хапіць сілаў падчас збору подпісаў. Але асаблівых рэцэптаў для апазіцыі няма – трэба рабіць тое, што рабіла звычайна. І ўдзельнічаць у кампаніі.

РР: Магчыма, і іншыя апазіцыйныя структуры ў хуткім часе пачнуць адмаўляцца ад удзелу ў выбарах?

Валерый Карбалевіч: Не думаю. На мой погляд, астатнія ў той ці іншай форме, але прымуць удзел. Калі не ўдзельнічаеш, то ты не існуеш. Калі палітычны суб’ет адмаўляецца ўдзельнічаць у палітычным працэсе, ён перастае быць палітычным суб’ектам. Падчас кампаніі сядзець дома і піць гарбату? Гэта павысіць акцыі арганізацыі? Не, безумоўна. Таму, як мне падаецца, крок руху “За свабоду” не самы ўдалы.

РР: Ці можа пачас гэтай кампаніі апазіцыя атрымаць для сябе нейкія дывідэнды?

Валерый Карбалевіч: Удзельнічаючы ў выбарах, апазіцыя напамінае пра сябе, што яна існуе. А значыцца існуе і альтэрнатыва. Хоць і не вельмі пераканаўчая, што паказваюць сацыялагічныя даследванні. У такой сітуацыі трэба працаваць, увесь час заяўляць пра сябе. І разлічваць на тое, што рана ці позна гэты голас грамадствам будзе пачуты. Няўдзел у выбарах – гэта фатальны адказ ад удзелу ў барацьбе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Грамадзянская кампанія «Наш дом» не будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2015 года і не стане вылучаць свайго кандыдата ў прэзідэнты Беларусі. Гэта вынікае з афіцыйнай заявы, распаўсюджанай кампаніяй.

У заяве падкрэсліваецца, што дадзенае рашэнне не з’яўляецца заклікам да іншых грамадскіх структур і палітычных партый дзейнічаць аналагічным чынам.

Вольга Карач тлумачыць сваё рашэнне выключна палітычнымі матывамі.

–  Асабістых прычын няма. Рэпрэсій мы таксама не баімся. Тут ужо усяго было за 20 гадоў. Была сітуацыя 11 красавіка 2011 года, калі я сядзела ноч у турме і думала, што мы будзем звінавачаныя ў тэракце ў метро. За гэта, у прынцыпе, пагражае смяротнае пакаранне, што і адбылося з віцебскімі хлапчукамі. І я не ведаю, што можа страшнейшага здарыцца.

Раней лідар кампаніі «Наш дом» Вольга Карач не выключала свайго ўдзелу ў змаганні за пасаду прэзідэнта. Таксама ў заяве адзначаецца, што апошнія два гады былі «часам актыўных і складаных дыскусій з нагоды таго, ці павінна кампанія заставацца непалітычнай арганізацыяй, якая займаецца грамадзянскімі ініцыятывамі, ці павінна ўсё-такі рэарганізоўвацца ў палітычную арганізацыю і актыўна ўдзельнічаць у выбарах-2015».

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота freeregion.info