Вольга Кавалькова: Беларускі народ артыкулюе сёння свае патрабаванні



Давераная асоба Святланы Ціханоўскай і сябра Кааардынацыйнай Рады Вольга Кавалькова адказала на пытанні нашага карэспандэнта з нагоды падавання скаргі ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь.

Вольга Кавалькова: Скарга пададзена ад імя Святланы Ціханоўскай, патрабаванне гэтай скаргі – адмяніць рашэнне ЦВК аб незадавальненні нашай скаргі і прызнаць выбары, якія адбыліся 9 жніўня, несапраўднымі. Разам са скаргай мы падалі вялікую колькасць сабраных калектыўных подпісаў людзей, якія галасавалі за Святлану Ціханоўскую. А таксама шмат іншых скаргаў і сведчанняў парушэнняў пад час выбарчага працэсу. Цягам пяці дзён чакаем адказ.

У якім стане зараз Каардынацыйная Рада, ці штодзённа вы зараз збіраецеся?

Мы збіраемся кожны дзень. Учора мы збіраліся і сёння мы таксама бачыліся з калегамі, сёння ў нас былі планы сустрэцца раніцай, але Максіма Знака і Сяргея Дылеўскага сёння выклікалі ў Следчы камітэт пасля заявы генпракурора пра пачынанне крымінальнай справы. Таму мы карэктуем свае планы, але мы бачыліся і абмяркоўвалі як дапамагчы іншым, якія працоўныя групы зараз працуюць.

Як вы ацэньваеце факт пачынання такой крымінальнай справы, яна заведзена на чальцоў Каардынацыйнай Рады ці проста па факце яе стварэння?

Мы расцэньваем гэта як дадатковыя рэпрэсіі, ціск на тых людзей, якія сёння кажуць пра законныя метады выйсця з палітычнага крызісу. Улада зноў паказвае свой твар. Паказальна, што пасля збівання мірных людзей ніякай рэакцыі па ўзбуджэнню крымінальных спраў няма, але Генпракуратура знаходзіць час змагацца з тымі людзьмі, якія сёння змагаюцца за перамены, за сапраўдныя выбары і абарону галасоў выбарцаў.

Якія далейшыя планы КР, якіх чакаць заяваў, нібыта ў нядзелю будзе агучана нейкае кардынальнае рашэнне рады?

У прынцыпе мы падтрымліваем тых людзей, якія зараз выходзяць на забастоўкі і выходзяць на мірныя акцыі, бо лічым, што важна мець магчымасць законнага выказвання сваёй пазіцыі.

Як дамагчыся дыялогу з уладай, якая цэлы час дэманструе, што ёй гэты дыялог зусім непатрэбны?

Аляксандр Лукашэнка ніколі не казаў, што ён гатовы да дыялогу. Адзіны орган, які ён можа склікаць,  – гэта Савет бяспекі. Мы падтрымліваем дыялог, які распачалі кіраўнікі выканкамаў на месцах, у некаторых вялікіх і маленькіх гарадах Беларусі, таму я спадзяюся, што гэты дыялог распаўсюдзіцца і на ішыя органы ўлады і на міністэрствы. Бо не толькі Лукашэнка з’яўляецца чалавекам, з якім трэба весці дыялог. Сёння мы хочам, каб улада пачала дыялог са сваім народам, якога не было 26 гадоў. Беларускі народ артыкулюе сёння свае патрабаванні і робіць гэта досыць гучна. Гэтыя патрабаванні – вызваленне палітычных вязняў, спыненне палітычных рэпрэсій, правядзенне новых выбараў, расследаванне ўсіх справаў, звязаных з гвалтам і ахвярамі.

Беларускае Радыё Рацыя