Вольга Кавалькова: Большасць беларусаў Лукашэнку не падтрымлівае
Ля Камароўскага рынку ў Менску ў нядзелю зноў прайшлі пікеты па збору подпісаў за альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнку кандыдатаў. Людзей было менш чым звычайна. Але ўсё адно лік ішоў на сотні. Адны падпісваліся, сыходзілі – іх месца займалі другія.
Асабліва шмат жадаючых паставіць подпісы за Віктара Бабарыку, Валера Цапкалу. Каля пікетаў прадстаўнікоў правацэнтрысцкай кааліцыі таксама шмат людзей. Кіраўнікі партыяў, што яе стварылі, асабіста прысутнічалі на пікетах.
Па словах сустаршыні Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Вольгі Кавальковай, этап збору подпісаў дазволіў прыцягнуць да працы ў выбарчых камісіях і для назірання шмат новых людзей.
– Сустрэчы ў рэгіёнах – легальна магчымыя пікеты, на якія людзі прыходзілі падтрымліваць, далучацца да каманды, далучацца да назірання. Людзі гатовыя далучацца да дэмакратычных арганізацыяў, яны гатовыя не толькі да таго, каб паставіць подпіс, але і да актыўных дзеянняў па змене ўлады. Відавочна, што большасць беларусаў Лукашэнку не падтрымлівае, і на кожным пікеце людзі кажуць, што нам патрэбны новы прэзідэнт.
І тое, што нават пасля арыштаў, пасля запалохвання праз дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі сотні людзей ідуць і ідуць паставіць подпісы за апанентаў улады яскрава сведчыць, што людзі патрабуюць пераменаў і што яны гатовыя іх актыўна дабівацца, – кажа Вольга Кавалькова.
Беларускае Радыё Рацыя