Вольга Кавалькова: Людзі падтрымліваюць Святлану і аб’яднанне штабоў
На чарговым пасяджэнні аб’яднанага штабу кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай былі абмеркаваныя вынікі першых сустрэчаў з выбаршчыкамі. Яны адбыліся ў Дзяржынску Менскай вобласці і ў самім Менску. На сустрэчу ў сталіцы прыйшло, па некаторых падліках, да 7 тысяч чалавек.
Па словах сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольгі Кавальковай, якая таксама з’яўляецца даверанай асобай Святланы Ціханоўскай і кіруе арганізацыйным аддзелам яе штабу, падобныя сустрэчы паказваюць незадаволенасць грамадства цяперашняй уладай:
– Людзі падтрымліваюць Святлану і аб’яднанне штабоў, таму я спадзяюся, што далей гэтыя сустрэчы будуць яшчэ больш масавымі. Канешне Менск мог бы сабраць і больш людзей, але ўсё ж такі ўлічваючы колькасць часу да самаго мерапрыемства, яна не дала магчымасці сабрацца. Але мы ўсё роўна выкарысталі нават гэтыя выходныя для таго, каб ужо пачаць працу і масавыя агітацыйныя мерапрыемствы. Я надалей упэўнена ў тым, што колькасць людзей і ў маленькіх, і ў абласных гарадах на сустрэчах будзе яшчэ больш.
На пасяджэнні штабу быў узгоднены графік паездак і сустрэч з выбарцамі па ўсёй Беларусі. У самы бліжэйшы час ён будзе апублікаваныя, сказала Волга Кавалькова.
Беларускае Радыё Рацыя