Вольга Кавалькова: Мне імпануе Віктар Бабарыка



Сустаршыня Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова распавяла, што яна збіраецца рабіць з камандай пасля этапу збора подпісаў галасоў.

 

Нагадаем, што былі зарэгістраваны ініцыятыўныя групы ўдзельнікаў праймерыз правацэнтрысцкай кааліцыі Мікалая Казлова, Юрася Губарэвіча і Вольгі Кавальковай, але подпісы яны не збіралі і не здавалі. Чым зараз плануе займацца гэтая каманда?

Вольга Кавалькова: У любым выпадку будзем прымаць удзел у назіранні за выбарамі, таму падчас пікетаў сабралі тых, хто гатовы далучыцца да назірання.

Але канчаткова вызначымся з удзелам у прэзідэнцкай кампаніі пасля 14 ліпеня, калі даведаемся, каго з прэтэндэнтаў зарэгіструюць кандыдатам. Магчыма, будзе створана нейкая кааліцыя.

РР: Хто вам з прэтэндэнтаў імпануе?

Вольга Кавалькова: Асабіста мне імпануе Віктар Бабарыка, хаця падтрымліваю і ініцыятыву жанчын, якія гатовы выходзіць на высокі палітычны ўзровень. Але пабачым, хто будзе зарэгістраваны.

Іншая справа, што мы бачым cёння, якая рэпрэсіўная карціна вымалёўваецца. Для тых, хто пастаянна ўдзельнічае ў палітычным працэсе, гэта чаканая сітуацыя, але, відаць, ніхто не можа спрагназаваць., як падзеі будуць разгортвацца далей.

РР: Зянон Пазьняк выказаўся ў тым плане, што лепш ужо Лукашэнка, чым будзе пракрамлёўскі Бабарыка. Што вы думаеце з гэтай нагоды?

Вольга Кавалькова: А што, сёняшняя ўлада ўвесь час не гандлявала суверэнітэтам з Расеяй? Можа ў нас за гэты час беларуская мова апынулася ў прыярытэце?

Калі паглядзець усю гісторыю ўзаемаадносін беларускай улады з Крамлём, то я бачу, што адбываецца насамрэч. І бачу, хто ўвесь гэты час пакрысе здаваў суверэнітэт.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя