Вольга Кавалькова падала заяўку на ўдзел у праймерыз апазіцыі



Вольга Кавалькова падала заяўку на ўдзел у праймерыз апазіцыі на месца адзінага кандыдата. Яна стала чацвёртым афіцыйным кандыдатам і першай жанчынай.

Да яе заяўкі падалі яе калега і сустаршыня БХД Павел Севярынец, кіраўнік Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч і кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў. Жаданне ўдзельнічаць у праймерыз выказвала і экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, але яна пакуль заяўку не падала. Таксама аб жаданні ўдзельнічаць у праймерыз абвясціў бізнесовец з Фаніпаля Уладзімір Усеня.

Прыём заявак кандыдатаў у праймерыз заканчваецца ўвечары 16 лютага. Канчатковы спіс прэтэндэнтаў плануюць абвясціць 4 сакавіка.

Згодна з правіламі ўдзелу, кожны жадаючы павінен зрабіць унёсак у эквіваленце 500 еўра і выступаць за незалежнасць Беларусі і супраць дыктатуры; абарону сацыяльных і эканамічных правоў грамадзян; выхад з АДКБ і дагавора аб Саюзнай дзяржаве; развіццё беларускай мовы і культуры.

Асобным пунктам пазначана, што «адзіны» павінен выступаць за свецкасць дзяржавы, і павінен паважаць правы вернікаў. Але таксама не выступаць з заявамі, «якія супярэчаць традыцыйным поглядам на сямʼю і грамадства».

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Надзеі Гацак