Вольга Кавалькова: Відавочна, што крызіс на мяжы ствараецца штучна



“Мы не можам дакладна ведаць, якія мэты ў дзеяннях Аляксандра Лукашэнкі”, – каментуе крызіс з мігрантамі на мяжы сябра прэзідыума Каардынацыйнай Рады Вольга Кавалькова.

Але яна не выключае, што адна з мэтаў – гэта помста:

– Мэта Аляксандра Лукашэнкі і ўвогуле логіка ў дзеяннях беларускай улады я б увогуле не шукала. Я думаю, што ў дадзеным выпадку яны сапраўды ствараюць гэтую праблему. Яны сапраўды стварылі нейкі бізнес. І я думаю, што гэта рэакцыя чалавека, якога пакрыўдзілі. У Польшчы і Літве зараз шмат жыве людзей з грамадскай пазіцыяй, дэмакратычных лідараў, і я думаю, гэта як бы «насаліць».

Таксама ў стварэнні крызісу на мяжы Лукашэнка можа пераследаваць пэўныя геапалітычныя мэты, – працягвае палітык:

– Каб у нейкі момант Літва або Польшча праявілі больш агрэсіі. І Аляксандр Лукашэнка мог сказаць: а, глядзіце, усе войскі туды. Ён як бы гуляе ў геапалітыцы таксама. Я спадзяюся, што ў нашых сяброў у Польшчы, у Літве хопіць досведу не ўспрымаць гэта такім чынам, бо Аляксандру Лукашэнку трэба і Расеі паказваць штосьці, бо ён прадае гэтую легенду, што тут небяспека. Ён гэта прадаваў заўжды.

На гэты час Польшча, Літва і Латвія ўвялі на мяжы з Беларуссю надзвычайнае становішча, каб папярэдзіць спробы нелегальнага перасячэння мяжы з боку мігрантаў. Напярэдадні міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Камінскі прывёў доказы, у тым ліку здымкі, якія пацвярджаюць датычнасць беларускіх службаў да мігранцкага крызісу.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя