Вольга Кавалькова: Заяўку на ўдзел у праймерыз падаю 15 лютага



Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Вольга Кавалькова распавяла пра свой удзел у працэдуры абрання адзінага кандыдата ад апазіцыі.

Вольга Кавалькова: Заяўку на ўдзел у праймерыз падаю 15 лютага, бо 16-га ўжо заканчваецца тэрмін падачы заявак. Зараз правяраем подпісы.

РР: Неабходныя 500 еўра, не складана было знайсці?

Вольга Кавалькова: Па-рознаму, але гэтае пытанне вырашана.

РР: У праймерыз будуць удзельнічаць два сябры БХД – вы і Павел Севярынец. З гэтай нагоды паміж вамі не было супярэчнасцяў?

Вольга Кавалькова: Партыя вылучыла Паўла Севярынца, але ж працэдура праймерыз прадугледжвае, што прапанаваць сваю кандыдатуру можа абсалютна кожны чалавек, хто мае падтрымку людзей і жаданне ўдзельнічаць у выбарах.

Таму я не бачу праблемы, калі ідзе здаровая канкурэнцыя і пашырэнне вядомасці БХД. І ўвогуле, у выніку ўся каманда будзе працаваць на адзінага кандыдата, таму не час сварыцца па нейкіх дробязных пытаннях. Працэдуру зацвярджалі ўсе структуры, якія прымаюць удзел у праймерыз, таму кожны сам можа выбіраць, што яму рабіць, ацэньваць свае сілы і магчымасці.

РР: Многія крытыкуюць працэдуру абрання адзінага. А як яна падаецца вам?

Вольга Кавалькова: У Беларусі такога народнага галасавання яшчэ не было, таму гэта для нас новае. Паглядзім, як яно спрацуе. Пакуль жа наогул складана альбо крытыкаваць, альбо нахвальваць. Але, як мне падаецца, гэта добра, калі ў працэдуру абрання адзінага ўцягнута як мага больш людзей.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя