Вольга Кавалькова: Маштаб рэпрэсій здзіўляе



Маштаб рэпрэсій здзіўляе, кажа сустаршыня Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова.

Раней суд Савецкага раёна Менска прыняў рашэнне пра абмежаванні Вользе Кавальковай у праве на выезд за мяжу і ў праве кіравання аўтамабілем з-за неаплачаных штрафаў за ўдзел у акцыях пратэсту. І гэта яшчэ не ўсё, кажа палітык.

– Проста неадэкватныя меры. У мяне зараз арыштаваны аўтамабіль, арыштаваная мая кватэра, заблакаваныя карткі для атрымання заробку. І гэтага ім не дастаткова. Яны паралельна з гэтым яшчэ абмяжоўваюць мой выезд з краіны і абмяжоўваюць права кіравання аўтамабілем. Калі ты прыходзіш у суд, і на тваёй справе напісана алоўкам „апазіцыя”, то пра які тут незалежны суд можна казаць.  

Як кажа Вольга Кавалькова, адзін штраф ужо пагашаны, застаецца заплаціць яшчэ 1.147,5 рубля, а таксама аплаціць працу судовых выканаўцаў — каля 250 рублёў. Акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі прайшлі ў Мінску ў снежні 2019 года. Вольгу Кавалькову судзілі за іх двойчы, агульная сума штрафаў склала 2.497,5 рубля.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя