Вольга Мікалайчык: Ігнараваць выбарчую кампанію нельга



Рэжысёрка, грамадская актывістка, абаронца Курапатаў Вольга Мікалайчык збірае ў Менску подпісы за сваё вылучэнні ў якасці кандыдата ў дэпутаты на бліжэйшых парламенцкіх выбарах. Па яе словах, людзі станоўча рэагуюць на яе пікеты пад бел-чырвона-белым сцягам.

Вольга Мікалайчык адзначае, што ігнараваць выбарчую кампанію нельга:

– Матыў адзіны – зараз старт фальшывых выбараў, якіх не існуе насамрэч. Навокал ціха, такое адчуванне нібыта ўся апазіцыя проста вымерла. Нехта крычыць пра байкот, які абсалютна не вырашыць ніякай праблемы. Байкоту не будзе таму, што яны за тры дні нагоняць студэнтаў, вайскоўцаў, міліцыянтаў 200 тысяч, нагоняць чынаўё, кішэнны дзяржбізнес, кантрактнікаў. Яны ўсіх нагоняць і за тры дні зробяць сабе яўку.

Вольга Мікалайчык, як актыўная абаронца ўрочышча Курапаты, адзначае, што пасля змены ўлады, беларусы навядуць там належны парадак:

– Ён не зачыніць кабак, ён не зніме гэтую агароджу, якую ён паставіў, ён не верне крыжы, якія яны разбурылі. Пакуль гэта сатанінская прасталінская ўлада над намі вісіць, як дамоклаў меч, з Курапатамі на жаль ніякага паляпшэння не будзе. Першае, што мы зробім, калі зменім уладу, першае, што беларусы зробяць – гэта адновяць курапацкія крыжы і зачыняць кабак „Бульбаш-хол” – лубянкаўскую сталоўку. 

З Вольгай Мікалайчык ад кампаніі „Еўрапейская Беларусь” вылучаюцца журналістка Ірына Халіп, актывіст Максім Вінярскі ды іншыя. Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць 17 лістапада.

Беларускае Радыё Рацыя