Вольгу Мікалайчык аштрафавалі завочна (абноўлена)
Вольгу Мікалайчык завочна аштрафавалі на 2 мільёны. За што рэжысёрка ды актывістка апазіцыі атрымала такі штраф – невядома. Пра гэта яна напісала ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук».
«Атрымала вельмі цікавы «ліст шчасця». Першамайскі суд даслаў. Суддзя Логвін Людміла (мне напісала ў позве, што я не аплаціла нейкі штраф у 2.250.000 рублёў. Наколькі я памятаю, у Першамайскім судзе ні адна мая справа не разглядалася, але чамусьці, калі я не аплачу гэтую суму, мяне не выпусцяць за мяжу», – піша яна. Прычына штрафу ў позве не пазначаная.
Нагадаем, 29-га красавіка рэжысёрку затрымалі каля амбасады Расейскай Федэрацыі, калі яна і актывістка Кацярына Садоўская праводзілі перфоманс супраць прыезду байкераў з клуба «Начныя ваўкі» у Беларусь.
* * *
29 красавіка актывісткі Вольга Мікалайчык і Кацярына Садоўская былі дастаўленыя ў Цэнтральны РУУС Менска пасля затрымання ля расейскай амбасады.
Як паведаміла Вольга Мікалайчык, міліцыянты пагражалі пасадзіць на „суткі”:
– Мы прыйшлі да амбасады, хацелі пагаварыць з супрацоўнікамі, выказаць абурэнне адносна “Начных ваўкоў”, што яны тут цёгаюцца. Яны выйшлі да нас. А я на гэты выпадак сабрала паслу падарунак – касметычку. І за гэтую касметычку нас забралі, завезлі ў РУУС, прымушалі пісаць тлумачальную, я адмовілася падпісваць паперы.
Кацярына Садоўская папрасіла выклікаць хуткую дапамогу, бо вымушаная прымаць інсулін.
У затрыманых разам з грамадскімі актывісткамі журналістаў Белсата раней перапісалі пашпартныя дадзеныя ды адпусцілі. Там яны праводзілі перфоманс супраць мотапрабегу „Начных ваўкоў” і збіраліся перадаць амбасадару Расеі касметычку.
Сутнасць перформансу затрыманых актывістак у тым, што яны нібыта знайшлі касметычку на Кургане Славы пасля таго, як яго наведалі „Начныя ваўкі”. Байкеры скардзіліся, што на польскай мяжы ў іх аглядалі ўсе іх рэчы і нават касметычкі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя