Вольга Нікалайчык: Хлопцы зрабілі так, што іх пачулі ўсе
Грамадская актывістка Вольга Нікалайчык выказала сваё стаўленне да жорсткіх прысудаў у дачыненні да анархістаў.
Нагадаем, што прысудам суда Савецкага раёна Менска ад 12 лютага 2020 году анархісты Мікіта Емяльянаў і Іван Комар былі асуджаныя на сем гадоў пазбаўлення волі кожны за псаванне маёмасці ў грамадскіх месцах (арт. 341 КК), замах на наўмыснае пашкоджанне маёмасці і наўмыснае пашкоджанне маёмасці, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам (ч.1 арт. 14 ч. 2 артыкула 218 КК, ч. 2 артыкула 218 КК), незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, уражваючае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў (ч. 2 арт. 295-3 КК).
Вольга Нікалайчык: Анархісты замахнуліся на адну са святынь для ўлады – на следчы ізалятар, у які нешта кінулі. Таму і атрымалі такія жорсткія прысуды. Такім чынам маладыя людзі выказалі сваё стаўленне да ўлады, да незаконнага змяшчэння людзей у той самы СІЗА, да катаванняў і незаконных прысудаў.
Да таго, што палітвязняў кідалі ў турмы па сфабрыкаваных справах. Таму я разумею, што праз такую акцыю моладзь не хацела нашкодзіць нейкім канкрэтна людзям, а выказала сваё стаўленне да ўлады. Маўляў, калі вы нас не чуеце, тады паспрабуем да вас дагрукацца такім чынам.
РР: Лічыце, што яны ўсё рабілі правільна?
Вольга Нікалайчык: Галоўнае, што яны самі лічаць гэта правільным крокам. Хлопцы зрабілі так, што іх пачулі ўсе. Але, на жаль, улада таксама пачула і жорстка адрэагавала ў адказ.
Перад выбарамі, відаць, вырашылі закруціць гайкі, а да анархістаў у нашых сілавікоў асаблівае стаўленне.
РР: На Ваш погляд, як у Еўропе паставяцца да з’яўлення ў Беларусі новых палітвязняў?
Вольга Нікалайчык: Мяркую, еўрачыноўнікі нейкім чынам будуць у год прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі патрабаваць вызвалення ўсіх палітвязняў. Іншая справа, што зараз паміж беларускімі ўладамі і Захадам ідуць свае палітычныя гульні, у якіх тыя самыя палітвязні не заўсёды ўдзельнічаюць. Калі б Еўропа была б больш прынцыповая, думаю, новых палітычных зняволеных у Беларусі не было б.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя